Больш за 18 тысяч беларусаў заражаныя ВІЧ



На 1 лістапада ў Беларусі налічвалася больш за 18 тысяч ВІЧ-інфікаваных, паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў Сусветны дзень барацьбы са СНІДам, які адзначаецца 1 снежня.

Паказчык захворвання за 10 месяцаў бягучага года склаў 20,5 на 100 тыс. насельніцтва і супастаўны з аналагічным паказчыкам 2016 года — 20,8 на 100 тыс. насельніцтва. За ўвесь перыяд назірання ў Беларусі зарэгістравана 24.164 выпадкі ВІЧ-інфекцыі, з іх за 10 месяцаў гэтага — 1.946 выпадкаў (у 2016 годзе — 1.978).

У свеце, згодна з глабальнай статыстыкай Аб’яднанай праграмы ААН па ВІЧ/СНІД (ЮНЭЙДС), жыве больш за 36 мільёнаў чалавек, інфікаваных ВІЧ.

Кампанія супраць ВІЧ у 2017 годзе праходзіць пад дэвізам „Маё здароўе, маё права” і прысвечаная праву на здароўе і тым цяжкасцям, з якімі сутыкаюцца людзі, закранутыя праблемай ВІЧ/СНІД у розных краінах свету. Права на здароўе ўключае ў сябе цэлы шэраг важных для кожнага чалавека сацыяльных гарантый.

За гады процідзеяння эпідэміі ў свеце дасягнутыя значныя вынікі: колькасць людзей, якія штогод заражаюцца ВІЧ, за апошнія 15 гадоў скарацілася з 3,1 млн да 2 млн; лік новых выпадкаў заражэння сярод дзяцей, народжаных ВІЧ-станоўчымі жанчынамі, скараціўся ўдвая.

Сёння ў Беларусі пераважае палавы шлях перадачы ВІЧ. На долю якога прыпадае 77,1%, або 1.500 новых выпадкаў, зарэгістраваных у краіне ў 2017 годзе. Актывізацыя палавога шляху перадачы ВІЧ на працягу шэрагу апошніх гадоў, адзначаюць эксперты, сведчыць аб тым, што людзі альбо не ведаюць аб мерах прафілактыкі інфекцыі, альбо грэбуюць імі, мяркуючы, што ВІЧ-інфекцыя мае дачыненне толькі да пэўных групах насельніцтва, з якімі чалавек сябе не суадносіць.

Спецыялісты нагадваюць аб неабходнасці тэставання, бо ранняя дыягностыка ВІЧ-інфекцыі спрыяе больш эфектыўнаму лячэнню, павышэнню якасці жыцця людзей, якія жывуць з ВІЧ, і памяншэнню фактараў рызыкі перадачы інфекцыі іншым людзям. У межах кампаніі „Датычыцца нават тых, каго не датычыцца” ў Беларусі людзі актыўна прыцягваюцца да тэставання і саматэставанне на ВІЧ. Як паведамлялася, для гэтага ў аптэчнай сеткцыГомельскай вобласці і ў Мінску рэалізуюцца экспрэс-тэсты для саматэставання па сліне.

Усім ВІЧ-пазітыўным пацыентам прызначаецца спецыфічнае лячэнне і бясплатна даюцца лекавыя сродкі для антырэтравіруснай тэрапіі. Колькасць такіх пацыентаў на сёння складае 9.990 чалавек, з якіх 206 — дзеці да 14 гадоў. Медыкі падкрэсліваюць, што своечасова пачаўшы лячэнне і прытрымліваючыся ўсіх указанняў лекара, людзі, якія жывуць з ВІЧ, могуць пражыць доўгае і паўнавартаснае жыццё.

За 10 месяцаў 2017 года ў краіне нарадзілася толькі адно дзіця з ВІЧ-інфекцыяй.

belapan.com