Барыс Жаліба: Ва ўрада і Нацбанка – розныя задачы



Намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Сямашка назваў “фантастычнымі” крэдытныя стаўкі, пад якія выдаюць крэдыты беларускія банкі. Ці націсне ўрад на Нацыянальны банк, каб гэтыя стаўкі знізіліся? Аб гэтым разважае эканаміст Барыс Жаліба.

Барыс Жаліба

На сумесным пасяджэнні абедзвюх палат беларускага парламента намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Сямашка заявіў наступнае: «На Захадзе можна ўзяць крэдыты пад 2-3%. У нас стаўкі – 30-40%, а раней дасягалі і 50%”.

“Пры такіх стаўках немагчыма развівацца», – канстатаваў Сямашка. У Расеі, зазначыў віцэ-прэм’ер, крэдыты ўзяць можна пад 12–15%. У такіх выпадках, сказаў ён, дзяржава вымушана кампенсаваць страты прадпрыемстваў ад высокіх ставак крэдытаў.

Барыс Жаліба: Ужо даўно дзейнічае распараджэнне Нацыянальнага банка крэдытаваць юрыдычныя асобы не вышэй устаноўленай вышэйшай планкі, якая зараз, наколькі вядома, складае 32,5 працэнтаў. І гэтая стаўка прыкладна на працэнт у месяц зніжаецца. А чаму такія высокія працэнты, думаю, Сямашка і сам цудоўна ведае. Першае – у нас вельмі высокая іфляцыя (прыкладна 20 працэнтаў за год). Другое. Каб утрымаць рублёвыя тэрміновыя дэпазіты, банкі павышалі працэнтныя стаўкі да 40 працэнтаў і вышэй. Зараз разам са стаўкай рэфінансавання яны знізіліся, але павольна, каб людзі не кінуліся забіраць свае грошы. Банкі элементарна засталіся б без рублёвых рэсурсаў. Усё гэта і стварыла сітуацыю, якая існуе. Чаму здзіўляцца?

РР: На што тады скардзяцца ўрадавыя чыноўнікі?

Барыс Жаліба: Яны скардзяцца больш па інерцыі, бо задача ўрада – зрабіць крэдыты больш таннымі. Тады прадпрыемствы лепш працуюць і будзе нейкі рост УВП. А ў Нацыянальнага банка іншая задача. Для яго галоўнае – стабільнасць нацыянальнай валюты. Вось і разыходзяцца ў сваіх мэтах і памкненнях урад і Нацбанк.

РР: Ці здолее урад націснуць на Нацбанк, каб той усё ж-такі знізіў стаўкі па крэдытах?

Барыс Жаліба: А ён увесь час цісне. І даціснуў да такога ўзроўня, што сёння стаўка рэфінсавання 20 працэнтаў і такая ж інфляцыя. А гэтага быць не павінна. Стаўка рэфінансавання павінна знаходзіцца над інфляцыяй. Нацбанк і так ідзе насустрач, як толькі можа. Адным словам, урад можа стагнаць колькі заўгодна, але ўмовы дыктуе тая сітуацыя, у якой апынулася краіна.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя