Беларускамоўны прадпрымальнік закрывае сваю краму ў Гародні



Гарадзенскі беларускамоўны прадпрымальнік Юрась Галянеўскі плануе закрыць сваю краму будаўнічых матэрыялаў на рынку „Паўднёвы”. Ён мае намер ажыццявіць „перазагрузку” свайго бізнеса магчыма ў іншай сферы, не звязанай з раздробным гандлем.

Пра прычыны пераменаў кажа Юрась Галянеўскі:

– У людзей стала меньш грошай, падаюць даходы.  Гэта адна з асноўных прычын. Па-другое, адчыняюцца буйныя крамы, якія спецыялізуюцца на будаўнічых матэрыялах. Крызіс, буйным крамам таксама не салодка зараз.

Юрась Галянеўскі з аптымізмам глядзіць у будучыню. Бо ён кіруецца прынцыпам „пад ляжачы камень вада не цячэ”. А таму плануе перагледзець форму бізнеса ў кірунку паслугаў, магчыма – турыстычных:

– На дзіва, а можа гэта і добра, я з аптымізмам углядаюся ў будучыню. Чалавеку, як жывой істоце, патрэбныя перамены. Абавязкова! Як толькі топчашся на месцы, значыць штосьці не атрымліваецца. Значыць трэба нешта мяняць. Мяняць бізнес, накірунак, падыход… Усё мяняецца, прырода мяняецца і мы мусім мяняцца.

Будаўнічая крама „Юрась”, вядомая сваім беларускамоўным абслугоўваннем, пакуль яшчэ працуе на рынку „Паўднёвы”.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара