Інстытуту прысяжных у Беларусі пакуль не будзе



«Беларусь не гатовая да ўвядзення інстытута прысяжных», – пра гэта заявіў сёння генеральны пракурор Аляксандр Канюк, выступаючы ў Палаце прадстаўнікоў. „Дзяржава не гатова да гэтага, не гатовы і менталітэт нашага народа”, – сказаў генпракурор.

Па словах праваабаронцы Алега Гулака, суд прысяжных патрабуе рэальнага спаборніцтва бакоў падчас судовага працэсу, і гэта іншы ўзровень незалежнасці суду.

– Прафесійныя суддзі, якія разумеюць суд як канвеер, яны супраць суда прысяжных. Суд прысяжных – суд справядлівасці, суд арыентаваны на грамадства. Нашы суддзі разумеюць сябе, і мне даводзілася гэта неаднойчы чуць: “Мы государевы люди, то ім, канечне, суд прысяжных непатрэбны.

Прадстаўнік кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» Андрэй Палуда таксама адзначае, што суд прысяжных пацягне за сабой кардынальныя рэформы, да якіх беларускія ўлады прынцыпова не гатовыя.

– Дзяржава ўвогуле не гатовая да рэфармавання судовай сістэмы, бо гэта пацягне за сабой і адмену смяротнага пакарання і рэформу пенітэнцыярнай сістэмы. А суддзі ў нас прызначаюцца.

Раней аб магчымасці ўвядзення суда прысяжных у Беларусі заяўляў Аляксандр Лукашэнка. Але ў Міністэрстве юстыцыі ініцыятыву кіраўніка дязржавы не падтрымалі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя