У каталікоў пачаўся Адвэнт
У каталікоў пачынаецца Адвэнт — перыяд падрыхтоўкі да свята Божага Нараджэння. Сёлета Адвэнт складзе 22 дні. З 3-га снежня ў Касцёле пачынаецца літургічны год, а ўбранне месціць у сабе фіялетавы колер, ён сімвалізуе пакуты і яднанне з Госпадам.
Скончыцца Адвэнт 24-га снежня, Вігіліяй.
* * *
Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Адвэнт 2017
Збаўца прыходзіць, не праглядзім Яго
«Дык чувайце ж і вы, бо не ведаеце, калі прыйдзе гаспадар дому» (Мк 33, 35).
Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры.
1. Сёння Каталіцкі Касцёл распачынае новы літургічны год, які складаецца з розных перыядаў. Першым з іх з’яўляецца Адвэнт, за якім ідзе перыяд Нараджэння Пана. Пасля ідзе некалькі тыдняў Звычайнага перыяду. Потым настае перыяд Вялікага посту і Святы Пасхальны Трыдуум, які вядзе да Велікоднага перыяду, пасля ізноў Звычайны.
Кожны з іх мае сваё тэалагічнае і пастырскае значэнне і адрозніваецца сваімі характарыстыкамі, так што ўсе разам яны як быццам ствараюць духоўнае падарожжа, гідам якога з’яўляецца Касцёл. Гэтае духоўнае падарожжа ўключае ў сябе галоўныя падзеі гісторыі збаўлення.
Літургічны год распачынаецца Адвэнтам, падчас яго мы рыхтуемся да святаў Божага Нараджэння. Гэты перыяд таксама павінен дапамагчы нам лепей усвядоміць праўду аб другім прыйсці Хрыста ў хвале.
На самым пачатку Адвэнту Езус заклікае нас да чування. Чаму заклікае? Каб не праспаць і не праглядзець чагосьці вельмі важнага? Але чаго? Вігіліі? Калядаў? Новага года, які не за гарамі?
Напэўна, не адзін з нас можа адчытаць гэты заклік як заклік не забыцца навесці парадак у сваім доме на святы, якія набліжаюцца; не забыцца пра ёлку; не забыцца пра падарункі дзецям і блізкім; не забыцца пра аплаткі на вігілійны вечар і г.д.
Але ўсяго гэтага не атрымаецца праглядзець і забыцца! Святочныя вітрыны магазінаў не дазволяць нам забыцца аб закупках і падарунках. Упрыгожаныя гарады, тысячы гірляндаў і ілюмінацый, ёлкі на плошчах, балконах і ў вокнах дамоў не дазволяць праглядзець надыходзячыя святы.
Аднак у перадсвяточнай мітусні, калі будзем канцэнтравацца толькі на вонкавых справах і забудземся пра духоўныя, можам «разам з вадой балеі выплеснуць і дзіця» і забыцца аб галоўным. А менавіта – навошта гэта ўсё? Навошта святы? Навошта Вігілія, батлейка, ёлка і г.д.?
Адказваючы на гэтыя пытанні, неабходна ўсвядоміць, што падчас Адвэнту мы рыхтуемся адзначаць незвычайную падзею – нараджэнне Збаўцы. Гэта час, каб прыгадаць праўду веры аб тым, што Бог прыйшоў у наш свет у вобразе чалавека, каб збавіць нас з палону граху, перамагчы смерць і ўчыніць сваімі выбранымі дзецьмі.
У Нараджэнні Езуса ў Бэтлееме праявілася бязмежная любоў Бога да чалавека: «Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае» (Ян 3, 16), кажа св. апостал Ян. Хрыстус вызваліў нас ад смерці вечнай і ўчыніў нашчадкамі неба. Таму мы ўжо не жывём для сябе і не для зямлі, але для Бога і неба.
2. Адвэнт – гэта найбольш адпаведны час разважаць пра тое, што Бог заўсёды трымаецца дадзенага слова і выконвае сваё абяцанне.
Адна гісторыя распавядае пра тое, як паміраючы чалавек заклікаў да сябе сваіх найлепшых сяброў: палітыка, лекара і юрыста. Кожнаму ён ўручыў канверт з грашыма, які папрасіў пакласці ў труну пасля яго смерці. Яны паабяцалі так зрабіць. Праз нейкі час ён памёр і яго сябры паклалі ў труну канверты.
Пасля некалькі месяцаў палітык прызнаўся, што паклаў толькі палову, а астатнія прызначыў на патрэбы ягонай палітычнай партыі. Лекар сказаў, што паклаў дзве трэція часткі, а астатнюю суму прызначыў на лячэнне цяжкахворых. Юрыст жа сказаў, што толькі ён адзін выканаў просьбу памерлага, бо паклаў канверт з перададзенай яму памерлым сумай грошай, аднак не наяўнымі, але ў форме банкаўскага чэка.
Гэта толькі гісторыя, але яна пацвярджае рэчаіснасць, што мы далёка не заўсёды прытрымліваемся дадзеных абяцанняў. Адначасова яна нагадвае і аб тым, што, калі мы выконваем дадзенае камусьці абяцанне, то гэтым самым даём яму частку сябе. Калі хтосьці нам штосьці абяцае, то мы не адчуваем сябе адзінокімі, бо з намі нашы сябры. Падобна і мы павінны паступаць.
Святое Пісанне напоўнена многімі абяцаннямі Бога. Што ж Бог абяцае чалавеку? Не багацце, не поспех і не здароўе. Ён абяцае Збаўцу, аб чым вельмі добра сведчыць Стары Запавет. Божае Нараджэнне акурат і з’яўляецца пацвярджэннем таму, што Бог стрымаў сваё слова і паслаў чалавецтву Збаўцу.
Ён абяцаў паслаць Яго і, калі прыйшла поўня часу, учыніў гэта (пар. Гал 4, 4). Не так, як часта паступае чалавек – абяцае і потым забываецца. Нездарма прыказка кажа, што «абяцанага тры гады чакаюць».
3. Якое значэнне мае Адвэнт у жыцці чалавека? Ён выконвае заданне будзільніка з мэтай абудзіць нас з духоўнага летаргічнага сну. Мы часта заспаныя і не думаем аб тым, што трэба чуваць, як да гэтага заклікае сённяшняе Евангелле.
Сапраўды, трэба чуваць, бо злых дух заўсёды дзейнічае і, як кажа папа Францішак, ён можа нават стаць часткай нашага жыцця. Сваімі ідэямі і натхненнямі ён уваходзіць у наша сэрца і змяняе яго, пры гэтым чыніць гэта ціха і незаўважна. Сатана змяняе крытэрыі нашага мыслення і дзеяння. Ён маскіруецца, так што мы яго не заўважаем, і жадае для нас людской марнасці, кажа папа Францішак.
У сувязі з гэтым выказваннем Пантыфіка дарэчы ўзгадаць адзін вельмі павучальны аповед аб трох д’яблах, якія рыхтаваліся да спакушэння людзей. Перад тым, як накіравацца на зямлю, яны здавалі экзамен Люцыферу, які іх пытаўся, як будуць выконваць сваё заданне. Першы сказаў, што спрабуе пераканаць людзей у адсутнасці Бога. Другі – што будзе пераконваць іх у тым, што няма пекла. Трэці – што пастараецца пераканаць людзей, што яны яшчэ маюць шмат часу на падрыхтоўку да смерці і Апошняга суду. Люцыфер быў найбольш задаволены адказам трэцяга д’ябла і сказаў яму: «Так рабі, і шмат людзей прывядзеш у пекла».
Сапраўды, многія з нас, як зайграная пласцінка з грамафона, паўтараюць: яшчэ маю час на нядзельную Імшу, на малітву, на ўчынкі міласэрнасці і г.д. Каб не была занадта позна, трэба памятаць аб тым, што заўтра распачынаецца сёння. Таму Адвэнт – гэта час на ўпарадкаванне не толькі нашых памяшканняў ці набыццё падарункаў, але таксама і на ўпарадкаванне нашых сумленняў.
4. У Адвэнт мы маем магчымасць кардынальна змяніць нашае жыццё праз удзел у сакрамэнце пакаяння і гэтым самым распачаць новы шлях у нашым духоўным жыцці.
Фіялетавы колер літургічных адзенняў з’яўляецца знакам пакуты і навяртання. Споведзь – гэта добры старт на распачацце гэтага новага шляху. А як вядома, ад старта залежыць вельмі шмат, аб чым добра ведаюць спартсмены.
Далей, мы павінны ўскласці на сябе канкрэтныя абавязкі, найперш у галіне малітвы і дабрачыннасці, з мэтай, каб быць упэўненымі, што сапраўды супрацоўнічаем з Хрыстом у справе пашырэння Божага Валадарства.
На пачатку гэтага часу ласкі пастараемся ўчыніць усё ад нас залежнае, каб сумленна выканаць нашыя абяцанні і такім чынам быць супрацоўнікамі Езуса ў справе збаўлення свету.
Сёння, калі мы распачынаем Адвэнт, Касцёл заклікае нас рыхтавацца да святкавання ўспаміну нараджэння Езуса ў Бэтлееме. Адначасова Касцёл таксама заклікае глядзець наперад. Чытанні першай нядзелі Адвэнту канцэнтруюцца не на мінулым, але на будучым.
Аднак шлях у будучыню адбываецца не спантанна, не толькі паводле законаў эвалюцыі ці гравітацыі, але паводле закону любові Бога і бліжняга.
Хрыстус з’яўляецца Панам гісторыі, і мы знаходзімся ў Яго руках. Ён не адварочваецца ад нас, нават калі мы адварочваемся ад Яго, бо выбраў шлях любові і міласэрнасці. Ён таксама валодае нашымі сэрцамі праз сваю дабрыню і гатоўнасць прабачыць. Гэта самае галоўнае пасланне Божага Нараджэння, над якім нам неабходна засяродзіцца пры падрыхтоўцы да яго. Таму трэба чуваць, каб нават калі адвернемся ад Бога, вярнуцца да Яго і кінуцца ў абдымкі бязмежнай Божай міласэрнасці, бо злы дух не спіць.
Аднойчы святар распавядаў дзецям пра Божае Нараджэнне, пра тое, што Езус нарадзіўся ў халодных яслях сярод хатніх жывёлаў. Ен спытаў іх, што б яны зрабілі, калі б былі там у час нараджэння Езуса. Адзін хлопчык сказаў, што распаліў бы агонь, каб сагрэць Немаўлятка. Другі сказаў, што ахінуў бы Яго сваім цёплым шалікам. Дзяўчынка сказала, што напаіла б цёплым напоем. Нарэшце іншая дзяўчынка сказала, што ўзяла б Езуса на рукі і абняла. Гэты адказ быў найлепшы.
Бог прыйшоў у гэты свет як сціплае дзіця, каб даць нам шанец з любоўю абняць Яго і ўзяць на свае рукі. Але адначасова Ён прыйшоў, каб нас абняць сваёй бязмежнай любоўю і несці на сваіх руках. Ён Валадар гісторыі, але Ён хоча быць таксама і Валадаром нашых сэрцаў.
5. Аднак пры гэтым Езус уключае нас у свой праект збаўлення. Кожны з нас, як хрысціянін, павінен выконваць давераную яму Божым Провідам ролю ў распаўсюджванні Божага Валадарства на зямлі. Адвэнт акурат і з’яўляецца адпаведным часам, каб задумацца над тым, як мы выконваем гэтае заданне.
Калі Бог стаўся чалавекам, цудоўным чынам выконваючы абяцанне Старога Запавету, то гэтым самым Ён адкрыў свае «карты», калі так можна выказацца. Сваім уцелаўленнем Ён паказаў, што клапоціцца пра нас, што з’яўляецца часткай гісторыі і можа ёй кіраваць пры нашым актыўным удзеле.
6. Успомнім Евангелле пра мудрых і неразважлівых паннаў, якое мы чулі тры тыдні таму. Неразважлівым нябесны Гаспадар сказаў: «Не ведаю вас!» (пар. Мц 25, 1-13).
Распачынаючы Адвэнт, мы павінны спытаць сябе: ці Бог нас ведае? Напэўна, так, бо Ён усё ведае. Аднак пытанне датычыць якасці нашых адносін з Ім. Мы ахрышчаныя, час ад часу ходзім у касцёл, але што далей? Ці адзначаемся жывой верай і ці з’яўляемся яе сведкамі?
Не выключана, што Бог нас «не ведае», бо мы не дазваляем Яму, каб нас пазнаў, не ўваходзім з Ім у асабістыя адносіны любові, даверу і адкрытасці, не выяўляемся перад Ім, не дазваляем Яму ўвайсці ў нашы сэрцы і душы, не дапускаем Яго ў самыя цёмныя куткі нашага жыцця, хаваемся перад Ім, як Адам і Ева пасля першароднага граху схаваліся ў дрэвах (пар. Быц 3, 8), не хочам станавіцца перад Ім ва ўсёй праўдзе, прыкрываемся фасадам вонкавай пабожнасці, а душа застаецца пустай.
Таму пытанне «ці Бог нас ведае?» перамяняецца ў пытанне «ці мы дазваляем Яму нас любіць?».
Езус прыходзіць, Ён стукае ў дзверы нашых сэрцаў і чакае, калі мы іх адчынім. Без нашага ўдзелу і нашай добрай волі Ён не ўвойдзе да нас. Ён верны сваім абяцанням, але выканаць іх можа толькі тады, калі мы Яму дазволім гэта ўчыніць.
Таму малітва першых хрысціян: «Прыйдзі, Пане Езу, прыйдзі і не пазніся» павінна стаць нашай малітвай, каб час Адвэнту быў для нас не толькі часам перадсвяточных клопатаў, закупак, пошуку падарункаў і запрашэння гасцей, але перад усім часам духоўнай падрыхтоўкі да Нараджэння Збаўцы і Яго прыйсця ў хвале.
Няхай жа час Адвэнту сапраўды стане для нас часам чування, каб не злы дух, але Божая ласка валодала намі.
На гэты шлях, давяраючы ўсіх вас апецы Марыі, ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Амэн.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі