У Вроцлаве загінуў супрацоўнік антытэрарыстычнага падраздзялення



У Польшчы ў час затрымання рабаўнікоў банкамату загінуў супрацоўнік антытэрарыстычнага падраздзялення, яшчэ трох праваахоўнікаў паранілі. Пра гэта паведаміла польскае агенцтва РАР.

Здарэнне адбылося ў ноч на 3 снежня ў раёне горада Вроцлава.

У час антытэрарыстычнай аперацыі злачынцы пачалі страляць з аўтаматычнай зброі па паліцэйскіх. Адзін са злаўмыснікаў быў забіты, два яго супольнікі затрыманыя.

Забітаму афіцэру было 40 гадоў, у Незалежным антытэрарыстычным падраздзяленні ён служыў восем гадоў. У загінулага засталося двое дзяцей – 8 і 12 гадоў.

Пагрозы жыццю іншых параненых супрацоўнікаў антытэрарыстычнага падраздзялення няма.

Беларускае Радыё Рацыя