Андрусь Клікуноў: У Беларусі складана атрымаць статус бежанца



“Сёлета ў Беларусі статус бежанца па афіцыйных звестках у першым паўгоддзі атрымала пакуль толькі адна асоба”,  – кажа намеснік дырэктара “Цэнтра падтрымкі бежанцаў” у Беларусі Андрусь Клікуноў. Квота ж, якую вызначыла Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі на прадастаўленне статусу бежанца або дадатковай абароны, сёлета складае 800 чалавек. Запытаў на атрыманне статусу бежанцаў за першае паўгоддзе гэтага года было пакуль каля 250.  У асноўным запыты накіроўваюць грамадзяне Украіны, а таксама Сірыі, Ірака і Афганістана.

Па словах намесніка дырэктара “Цэнтра падтрымкі бежанцаў” у Беларусі Андруся Клікунова, статус бежанца атрымаць у Беларусі даволі складана, а дадатковую дапамогу прасцей.

– Акрамя статусу бежанца Беларусь таксама дае дадатковую дапамогу асобам, якія прыязджаюць у Беларусь і жадаюць атрымаць статус бежанца. І гэтая дадатковая дапамога абмежаваная ў часе. Даецца звычайна на адзін год. Калі ўцекачы патрапляюць у Беларусь, яны патрабуюць юрыдычную і псіхалагічную дапамогу, патрабуюць увагу да іх праблемаў з боку СМІ.

“Цэнтр падтрымкі бежанцаў” у Беларусі быў створаны два гады таму. Гэта прыватная інфармацыйная ўстанова, якая прадастаўляе інфармацыю аб парадку атрымання статусу бежанца ў Беларусі, праводзіць даследванні і садзейнічае інтэграцыі бежанцаў у беларускае грамадства. А таксама супрацоўнічае з юрыстамі і адвакатамі, якія дапамагаюць бежанцам у афармленні дакументаў.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя