Ян Шышка: Польшча мусіць перамагчы ў справе Белавежскай пушчы



Ян Шышка

Польшча мае перамагчы ў спрэчцы з Еўрапейскай камісіяй па справе абшараў «Прырода 2000» на тэрыторыі Белавежскай пушчы – сказаў польскі міністр навакольнага асяроддзя Ян Шышка, які наведаў Белавежу ды Белавежскую пушчу ў рамках канферэнцыі па тэме жука-караеда.

Камісія не лічыць , што закон парушаны. Камісія просіць даць тлумачэнні. І гэтыя тлумачэнні даюцца Суду Еўрапейскага Звязу. Гэта тлумачэнні ў адказ на скаргу. Пакуль што ідзе спрэчка пра праграму «Прырода 2000» і мы маем выйграць. Бо калі мы не выйграем гэтай спрэчкі, сапраўды будзе вельмі кепска з прыроднымі рэсурсамі Белавежскай пушчы. Я не дапускаю магчымасці, каб ЕЗ не прытрымлівалася ўласнага права.

Польшчы пагражае штраф у памеры 100 тысяч еўра ў дзень на карысць Еўракамісіі за высечку дрэў у Белавежскай пушчы.

Міністр Шышка на сустрэчы з жыхарамі і самаўрадаўцамі, якія падтрымліваюць ягоную палітыку ў дачыненні да пушчы, сказаў, што 12 снежня стане перад судом ЕЗ. Спадзяецца, што гэта будзе апошні раз.

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя