Чыноўнікі і дырэктарат — большасць у абласных і раённых выбарчых камісіях



Чыноўнікі і дырэктарат складаюць большасць у абласных і раённых выбарчых камісіях, заяўляюць назіральнікі ў межах кампаніі „Праваабаронцы за свабодныя выбары”, якую традыцыйна арганізуюць закрыты ўладамі праваабарончы цэнтр „Вясна” і рэспубліканскае праваабарончае грамадскае аб`яднанне „Беларускі Хельсінкскі камітэт”. Свае высновы яны публікуюць на сайце spring96.org.

Пры гэтым адзначаецца, што хоць з размешчанай на сайтах абласных, гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў інфармацыі можна даведацца пра склад створаных выбарчых камісій, месцы працы іх членаў па-ранейшаму не ўказваюцца.

Як канстатуюць назіральнікі, „значную частку членаў раённых і гарадскіх выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў традыцыйна складаюць прадстаўнікі пяці-шасці праўладных грамадскіх арганізацый. Гэта РГА „Белая Русь”, РГА „БРСМ”, Грамадскае аб`яднанне ветэранаў, Беларускі саюз жанчын, Беларускі саюз афіцэраў і афіцыйныя прафсаюзы, якія ўваходзяць у Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі„.

Так, у складзе Менскай абласной выбарчай камісіі па выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў — 13 членаў, якія вылучаны ад партый, грамадскіх аб`яднанняў, шляхам падачы заяў, і няма ніводнага вылучэнца ад працоўных калектываў. З іх восем — кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў вобласці, начальнікі структурных падраздзяленняў абласнога выканаўчага камітэта.

„Прыкладна такое ж „прадстаўніцтва” дырэктарата ў складзе Магілёўскай абласной выбарчай камісіі, куды пад маскай грамадскіх арганізацый і вылучэнцаў ад грамадзян шляхам падачы заяў патрапілі сем кіраўнікоў арганізацый і ўстаноў абласнога цэнтра”, — паведамляюць „Праваабаронцы за свабодныя выбары”.

Яны адзначаюць, што не стала выключэннем і Віцебская раённая выбарчая камісія, дзе шэсць з 13 членаў камісіі — начальнікі і кіраўнікі раённых службаў і аддзелаў, якія вылучаліся шляхам збору подпісаў і падачы заяў.

Не лепшым чынам, адзначаецца ў справаздачы, выглядае сітуацыя і з фарміраваннем Гарадзенскай абласной выбарчай камісіі, якая складаецца з кіраўнікоў дзяржпрадпрыемстваў, іх філіялаў і навуковых устаноў (пяць з 13), а таксама з кіраўнікоў праўладных грамадскіх арганізацый, якія вылучылі сваіх прадстаўнікоў у камісію (чатыры з 13). Так, сакратар абласной камісіі Андрэй Кухто, які быў вылучаны Гарадзенскай абласной арганізацыяй прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў, з`яўляецца намеснікам начальніка ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкама.

А вось у складзе Гарадзенскай гарадской выбарчай камісіі шмат работнікаў сферы адукацыі (пяць з 13). Таксама ў камісію ўвайшлі кіраўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў, работнікі сферы аховы здароўя, першы сакратар Кастрычніцкага райкама БРСМ і два супрацоўнікі Гродзенскага выканкама, якія вылучаліся шляхам збору подпісаў.

Рэкардсменам жа, заяўляюць назіральнікі, выступае Глыбоцкая раённая выбарчая камісія — „у яе складзе 10 схаваных ад людскіх вачэй кіруючых работнікаў розных узроўняў, альбо 77% ад усяго складу”.

І гэта пры тым, што партыйныя вылучэнцы прадстаўленыя ў камісіях вельмі сціпла: шмат дзе абраныя вылучэнцы альбо ад КПБ і Партыі працы і справядлівасці, альбо толькі ад адной з гэтых партый (Гомельская гарадская, Веткаўская, Жлобінская, Кармянская, Рэчыцкая, Рагачоўская, Мазырская раённыя выбарчыя камісіі), ЛДП (Менская і Магілёўская абласная камісіі). Яшчэ горшая сітуацыя з прадстаўніцтвам у камісіях вылучэнцаў дэмакратычных апазіцыйных партый, якіх, за выключэннем прадстаўніка АГП, практычна няма„, — гаворыцца ў справаздачы.

„Рэзервам” для больш шырокага прадстаўлення ў складзе камісій праўладных грамадскіх арганізацый з`яўляюцца тыя ж вылучэнцы ад грамадзян шляхам падачы заяў, якіх, як правіла, налічваецца па тры-чатыры ў кожнай камісіі, паведамляюць аўтары справаздачы. Так, у склад Гомельскай гарадской камісіі вылучана шляхам падачы заявы Наталля Мамрукова, якая з`яўляецца намеснікам старшыні абласной арганізацыі РГА „Белая Русь”. А ў склад Светлагорскай раённай выбарчай камісіі ўвайшлі тры прадстаўнікі галіновых прафсаюзаў, якія ўваходзяць у склад ФПБ. Яшчэ столькі ж прафсаюзных функцыянераў „замаскіравалася” пад графой „шляхам падачы заяў” (усяго — шэсць).

Як паведамляюць назіральнікі, у катэгорыю вылучаных грамадзянамі шляхам падачы заяў, як правіла, трапляюць адказныя работнікі райвыканкамаў, кіраўнікі ўстаноў адукацыі і медыкі. З чатырох членаў Рэчыцкай раённай выбарчай камісіі, якія вылучаліся шляхам збору подпісаў, — два педагагічныя работнікі і чыноўнікі райвыканкама. БелаПАН