Рух Салідарнасці „Разам” запланаваў чарговыя акцыі
3 снежня, напярэдадні стагоддзя з пачатку І Усебеларускага З’езда, адбылося паседжанне Сойма Руха Салідарнасці “Разам”. Па пункце “Аб палітычнай сітуацыі і дзейнасці Руха Салідарнасці “Разам” у Беларусі і замежжы” даклады зрабілі сустаршыня Руху Салідарнасці “Разам” Алена Талстая і сябра Сойму, вядомы мастак Аляксей Марачкін.
Пасля абмеркаванняў дакладаў Соймам былі прынятыя дзве Заявы – “Аб недапушчальнасці пагаршэння беларуска-польскіх адносінаў” і “Не – халоднай вайне паміж уладамі Беларусі і Украіны!”, а таксама Зварот “З нагоды І Усебеларускага З’езда”. Сойм таксама разгледзеў арганізацыйнае пытанне: была створана міжнародная камісія Сойму. Яе старшынём быў аднагалосна абраны Ігар Лялькоў.
Найбольшую цікаўнасць выклікаў разгляд другога пытання парадку дня: “Пашырэнне прасторы “русского мира” як ключавы элемент сучаснай імперыялістычнай палітыкі Расеі ў дачыненні да Беларусі. Ацэнка небяспекі ды магчымыя метады супрацьдзеяння”. Асноўны даклад быў зроблены Ігарам Ляльковым. Галоўны мэсыдж даклада такі: “Беларусь знаходзіцца ў пачатку гібрыднай вайны з Расеяй. Беларуская дзяржава і грамадства павінны зрабіць усё магчымае, каб не дапусціць перарастання гэтага канфлікта ў актыўную фазу. Метады і сродкі для гэтага – вядомыя. Нашая задача – не змарнаваць час для іх выкарыстання”. Мечыслаў Бурак і Вячаслаў Сіўчык, Генадзь Драздоў, Аляксей Марачкін, Ніна Багінская і, якія выступілі ў абмеркананні, падтрымалі асноўныя тэзы, выказаныя Ігарам Ляльковым, ахарактарызавалі яго даклад як надзвычай актуальны для Беларусі і падкрэслілі неабходнасць публікацыі гэтага дакладу. У паседжанні Сойма ўзялі ўдзел 28 чалавек. Нягледзячы на ціск на актывістаў Руху Салідарнасці „Разам”, шэраг з якіх засуджаныя да буйных штрафаў за ўдзел у восеньскіх вулічных акцыях (у тым ліку сустаршыня Руху Алена Талстая – на агульную суму больш 1500 даляраў, а сябра Сойму Вячаслаў Сіўчык – больш 1000 даляраў і 5 сутак арышту) , Рух і далей плануе праводзіць традыцыйныя акцыі. Адбудзецца ўшанаванне памяці айца Вінцэнта Гадлеўскага 24 снежня 2017 года, ва урочышчы Благоўшчына, а 29 снежня – акцыя у Курапатах, 22 студзеня надыходнага года – мерапрыемства ў Гомелі памяці Міхася Жызнеўскага. Сябра Сойму Аляксей Марачкін запрасіў усіх прысутных на адкрыццё сваёй выставы ў Палацы Мастацтваў у Менску 7 снежня 2017 года а 17-й гадзіне.
Паводле прэс-групы Руху Салідарнасці “Разам”.