Ці ўсталююць улады Гародні камяні памяці?



Камяні памяці – такі новы для Беларусі спосаб ушанавання людзей, што загінулі падчас Халакосту, – жадаюць усталяваць у Гародні ў 2018 годзе. Два камяні з напісанымі пабеларуску імёнамі Фелікса Зандмана і Рыгора Хосiда ўжо прывёз з Нямеччыны сябар мясцовай сінагогі Райко Ласанчук.

 Пра праект распавядае прадстаўнік Асацыяцыі іўдзея-хрысціянскага дыялогу “Shomer – International” у Беларусі Яўген Калодзін.

Ініцыятыва ажывіць памяць пра ахвяраў нацызму, менавіта пра гарадзенскіх габрэяў. Многія з іх былі ў гарадзенскім гета. Лёсы іх былі розныя. Дапамаглі з ідэяй нямецкія сябры, менавіта праект Stolpersteine, так званыя «Камяні спатыкнення». Гэты праект нарадзіўся ў мастака Гюнтера Дэмніга яшчэ ў далёкія 90-ыя. У 1994 годзе ён ладзіў выставу ў Кёльне. А ўжо ў 1995-ым на вуліцах Нямеччыны пачалі з’яўляцца такія камяні памяці з імёнамі ахвяраў нацызму.

Для старшыні гарадзенскай рэлігійнай іўдзейскай абшчыны Барыса Квяткоўскага гэтыя камяні памяці з’яўляюцца цікавай, але вельмі дарагой ідэяй.

Ёсць праекты, якія даюць магчымасць нагадваць людзям пра тыя падзеі. І яны каштуюць вельмі дорага і параўнальна нядорага. Усё залежыць ад магчымасцей. Напрыклад, сам камень – гэта 100 даляраў. А калі казаць пра людзей, якіх загінула 29 тысяч, то можна сабе ўявіць, якая гэта велізарная сума. Пакуль такі праект упіраецца ў матэрыяльны аспект. Таму мы будзе глядзець, як гэта будзе развівацца, наколькі гэта будзе магчымым.

У час Халакосту, ці пагабрэйску Шоа (Катастрофы), у двух гарадзенскіх гета загінула больш за 29 тысяч габрэяў. Іх памяць на дадзены момант ушанавана мемарыяльнай шыльдай у цэнтры Гародні на вуліцы Замкавай, дзе быў уваход у гета, і экспазіцыяй у музеі, які існуе пры гарадзенскай харальнай сінагозе.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня