Справу аб масавых беспарадках спынілі, пачалі новую – “захоўванне боепрыпасаў”
Супраць былога фігуранта справы аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў Андрэя Бяляўскага пачата крымінальная справа па ч.2 арт. 295 КК РБ (Незаконныя выраб, набыццё, перадача ў валоданне, збыт, захоўванне, перавозка, перасылка або нашэнне агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў і г.д.). Нібыта падчас ператрусу пры затрыманні ў яго быў знойдзены агнястрэльны боепрыпас. Мера стрымання пакуль не абіралася.
Як стала вядома праваабаронцам, справа пачатая 27 лістапада цэнтральным апаратам Следчага камітэта РБ. Нагадаем, якраз у гэты дзень СК “паставіў кропку” і спыніў крымінальны пераслед ўсіх фігурантаў справы так званага «Белага легіёна». Аднак з’явіліся новыя акалічнасці.
Па неафіцыйнай інфармацыі, ёсць яшчэ адзін падазраваны ў захоўванні боепрыпасаў з ліку тых, каго падазравалі ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. Сітуацыя высвятляецца.
Магчымае пакаранне па гэтым артыкуле – папраўчыя работы на тэрмін да двух гадоў, або арышт на тэрмін да трох месяцаў, ці абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўленнем волі на тэрмін да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі.
Мастак-дызайнер з Менска Андрэй Бяляўскі быў затрыманы 28 сакавіка і абвінавачаны па частцы 3 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса „Навучанне і падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках” і арт. 287 Крымінальнага кодэкса (Стварэнне незаконнага ўзброенага фарміравання). Адпушчаны з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыездзе 2 чэрвеня са спыненнем справы па арт.287 КК.
Паводле spring96.org