Пагроза эпідэмій – новая рэчаіснасць
22 лістапада ў Маскве прайшла штогадовая сустрэча сакратароў саветаў бяспекі краін – удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў.
Традыцыйна абмяркоўваліся пытанні, звязаныя з процідзеяннем распаўсюджванню рэлігійных плыняў радыкальнага толку, а таксама сумесная барацьба з міжнароднымі тэрарыстычнымі арганізацыямі. Але была і новая тэма. Упершыню разглядалася пытанне стварэння механізму сумесных дзеянняў у выпадку эпідэмій ў краінах СНД. На гэтай праблеме і спынімся больш падрабязна.
З’яўленне ў апошнія гады лекава-ўстойлівых бактэрый, вірусаў і іншых мікраарганізмаў выклікае ўсё большую заклапочанасць. Звязана гэта, перш за ўсё з тым, што новыя мікраарганізмы з’яўляюцца пераважна ў рэгіёнах Трэцяга свету, адкуль назіраецца асноўны міграцыйны прыток у развітыя краіны. Дадзеная тэма ўяўляе цікавасць і для беларускай аўдыторыі, так як у апошнія гады ў нашай краіне павялічваецца колькасць мігрантаў з Азіі і Афрыкі. Трэба заўважыць тры фактары.
Па-першае, Афрыка і Азія – радзіма многіх небяспечных захворванняў, адпаведна, у сілу прыродна-кліматычных умоў там можна чакаць і мутацыі іх зыходных відаў у новыя, высока патагенныя і ўстойлівыя формы.
Па-другое, нават найбольш развітыя краіны паўднёвых рэгіёнаў планеты маюць цяжкасці ў арганізацыі эфектыўнай санітарнай сістэмы, агульны ўзровень медыцынскага абслугоўвання там не высокі, больш за тое, у шэрагу краін Афрыкі можна казаць хутчэй пра дэградацыю медыцыны.
Па-трэцяе, за апошнія семдзесят гадоў, эфектыўнасць, даступнасць і адносная таннасць супрацьмікробных прэпаратаў прывялі да іх празмернага выкарыстання. У выніку ў мікраарганізмаў спрацаваў эвалюцыйны фактар прыстасоўвальнасці і амаль 50% усіх супрацьмікробных прэпаратаў у цяперашні час неэфектыўныя альбо ж іх эфектыўнасць істотна знізілася.
Дадзеная з’ява ўяўляе пагрозу, перш за ўсё, для забеспячэння нацыянальнай бяспекі і фінансавага дабрабыту дзяржавы. Дастаткова сказаць, што згодна з Нацыянальным рэгістрам рызык Вялікабрытаніі пандэмія грыпу прыроўненая па сваёй небяспецы да «катастрафічных тэрарыстычных нападаў».
З новымі выклікамі эпідэміялагічнага характару можа сутыкнуцца і Беларусь. Напрыклад, 50% усіх выпадкаў сухотаў з лекавай устойлівасцю прыпадае на Індыю і Кітай. З апошнім у нашай краіны развіваецца дынамічнае супрацоўніцтва, якое суправаджаецца прытокам кітайскіх грамадзян у Беларусь для працы і навучання.
Пагроза распаўсюджвання шэрагу лекава-ўстойлівых хваробатворных мікраарганізмаў на Беларусь ўскладняецца наяўнасцю празрыстай мяжы з Расеяй і бязьвізавага рэжыму з краінамі былой савецкай Сярэдняй Азіі. Якія, у сваю чаргу, маюць працяглую мяжу і развітыя трансгранічныя кантакты з Афганістанам і Кітаем.
Праблема пагаршаецца і тым, што толькі каля 60% краін свету маюць тэхнічныя магчымасці для выяўлення і адсочвання сітуацыі з лекава-устойлівымі мікраарганізмамі.
Трэба разумець адну рэч: бюракратыя (нават бюракратыя ў пагонах) пачынае варушыцца толькі ў тым выпадку, калі праблема з гіпатэтычнай ператвараецца ў рэальную. А значыць, першыя трывожныя сігналы ўжо прагучалі. Пытанне – дзе? У Расеі была ўспышка сібірскай язвы, у Кыргызстане – чумы, у Таджыкістане – поліяміеліту. Але іх ўзялі пад кантроль. Ці надоўга?