Міхаіл Пастухоў прэзентуе сваю кнігу
Былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў распавёў пра прэзентацыю кнігі “Пад знакам Канстытуцыі”.
Мерапрыемства адбудзецца 6 снежня ў 16.00 на пляцоўцы сталічнага “Прэс-клуба” (вул. Веры Харужай, 3).
Міхаіл Пастухоў: Да выдання кнігі ў пэўнай ступені мяне падштурхнуў вядомы журналіст Аляксандр Тамковіч, за што я яму і ўдзячны. А ўвогуле, некалькі год у газеце “Свободные новости плюс» я быў вядучым рубрыкі “Прававы аспект”. Усяго было надрукавана каля 80 артыкулаў, якія былі прысвечаны розным аспектам нашага жыцця і іх ацэнкам з прававога пункта гледжання. Яны тычыліся выбараў, становішча пенсіянераў, правоў зняволеных, барацьбы з наркаманіяй… Адным словам, было вырашана ўсё гэта акумуляваць у адну кнігу, у якой змешчаны не толькі вышэйназваныя артыкулы, але і праграма пераўтварэнняў у краіне.
РР: Кніга – не камерцыйны праект?
Міхаіл Пастухоў: Кніга выдадзена абмежаваным тыражом і будзе распаўсюджвацца сярод тых, хто цікавіцца апошнімі падзеямі нашага жыцця, тэндэнцыямі развіцця краіны. Дарэчы, кніга заканчваецца артыкулам “Як вярнуць свята”, у якім я разважаю над тым, чаму Беларусь практычна не святкуе 27 ліпеня сваё самае галоўнае свята – Дзень прыняцця Дэкларацыі аб незалежнасці.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя