Беларускі ўрад назваў IT драйверам эканомікі у 2018 годзе
У Беларусі адным з драйвераў эканамічнага росту у 2018 годзе стане ІТ-сектар, гаворыцца ў паведамленні ўрада, прысвечаным пасяджэнню Саўміна па разглядзе вынікаў работы эканомікі за мінулы перыяд 2017 года і планам на наступны год, якое праходзіць 5 снежня.
„Адным з драйвераў эканамічнага росту у 2018 годзе стане ІТ-сектар”, — заяўляе прэс-служба ўрада.
Мяркуецца, што аснову для спрыяльнага развіцця ІТ-сектара закладзе дэкрэт, які знаходзіцца на разглядзе ў Адміністрацыі прэзідэнта.
„У цяперашні час праект дэкрэта „Аб развіцці лічбавай эканомікі”, які прадугледжвае ў тым ліку максімальна спрыяльныя ўмовы для развіцця тэхналогій блокчэйн (уключаючы майнінг і абарот крыптавалют), а таксама комплекснае прававое рэгуляванне дзейнасці ў гэтай сферы, узгоднены без заўваг усімі ўпаўнаважанымі дзяржаўнымі органамі Беларусі і ўнесены ва ўстаноўленым парадку на разгляд прэзідэнта”, — гаворыцца ў паведамленні Саўміна.
Варта адзначыць, што раней Міністэрства фінансаў і Нацыянальны банк, якія з’яўляюцца рэгулятарамі фінансавага рынку Беларусі, адмовіліся ад рэгулявання крыптавалют у краіне.
„Лепш пакуль захаваць усё як ёсць і не спрабаваць яшчэ дзяржаве глыбока ўлезці ў тэму крыптавалют. Пакуль дзяржава ад гэтай тэмы адхіленая, то і рызыкаў няма”, — падкрэсліваў 1 лістапада першы намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч ў межах дыскусіі ў Менску.
На мінулым тыдні Міністэрства фінансаў распаўсюдзіла заяву, у якой сцвярджалася, што „на сённяшнім этапе крыптавалюты і інвестыцыі ў іх не могуць быць прызнаныя надзейнымі і законнымі”, аднак на працягу сутак гэты дакумент быў ануляваны. Прычыны анулявання заявы не былі названыя.
Паводле інфармацыі БелаПАН, Мінфін і Нацбанк адмовіліся ад рэгулявання крыптавалют, паколькі бачаць у іх патэнцыйныя рызыкі для фінансавага рынку.
„Ставіцца да крыптавалют трэба вельмі асцярожна. Адсачыць іх рух немагчыма, наглядаць за крыптавалютамі немагчыма. Толькі на этапе канвертацыі крыптавалют у фіятныя грошы можна на сітуацыю ўздзейнічаць. Аднак калі апынецца, што рэзідэнты Беларусі ўдзельнічалі да легалізацыі злачынных даходаў, імідж краіны з-за легалізацыі крыптавалют можа сур’ёзна пацярпець на міжнароднай арэне”, — лічыць суразмоўца БелаПАН у органах дзяржкіравання.
У сваю чаргу, прадстаўнікі некаторых камерцыйных банкаў Беларусі падтрымліваюць легалізацыю крыптавалют у Беларусі.
„Легалізацыя крыптавалют дазволіць Беларусі атрымаць фінансавыя патокі, якія існуюць у крыптасвеце. Калі мы легалізуем гэты кірунак дзейнасці, крыптавалюту ў Беларусі можна будзе легальна пераводзіць у наяўныя. Адпаведна, у краіну пацягнуцца фінансавыя патокі з іншых краін, і Беларусь стане афшорам, на чым зможа зарабіць”, — лічыць член праўлення аднаго з банкаў.
belapan.by