Выйшаў зборнік вершаў Андрэя Пяткевіча



Пабачыў свет зборнік вершаў гарадзенскага паэта Андрэя Пяткевіча “Шчаслівым сканаць”. Зборнік выйшаў малым накладам у выдавецтве “ЮрсаПрынт”.

Паэт памёр у 1995 годзе, але ягоныя рукапісы чакалі сваёй публікацыі. Пра зборнік кажа паэт, выкладчык Анатоль Брусевіч:

Не любіў ніколі ламаць рыфму, рытм. Зборнік напісаны ў класічнай форме. А вось змест цалкам мадэрновы. Андрэй Пяткевіч – гэта паэт-мадэрніст. Хоць мадэрнізм – даволі шырокі тэрмін, які абазначае мноства розных стылявых накірункаў. Яго цяжка аднесці да нейкага канкрэтнага кірунку, бо ёсць ў яго вершы імпрэсіяністычнага плану, ёсць вельмі сурёзныя, ёсць упадніцкія, дэкадэнцкія вершы.

Ініцыятарам выдання кнігі Андрэя Пяткевіча выступіла знакамітая гарадзенская літаратарка Данута Бічэль. Частка творчай спадчыны паэта захоўвалася ў музеі Максіма Багдановіча, але ў кнігу трапілі іншыя вершы. Паэт яшчэ пры жыцці падрыхтаваў выданне, але так яго і не пабачыў. Працягвае Анатоль Брусевіч:

Таму мы, у прынцыпе, выканалі волю аўтара. І выдалі кніжку так, як хацеў сам Андрэй Пяткевіч, як ён яе падрыхтаваў. То бок кніжка не мае рэдактара – яна ў аўтарскай рэдакцыі. Каб зняць некаторыя пытанні, напрыканцы кнігі ёсць некалькі пунктаў, якія напісаў сам аўтар: трэба захоўваць інтэрвал паміж строфамі, нельга ламаць або пераносіць радкі, трэба друкаваць паводле граматыкі Тарашкевіча, як пададзена ў рукапісу.

Паэт Андрэй Пяткевіч браў актыўны ўдзел у моладзевым руху Гарадзеншчыны. Друкаваўся ў часопісах “Першацвет”, “Свіцязь”, “Беларусь”. Тэксты, якія склалі аснову кніжкі, былі напісаныя ў пачатку 90-х гадоў.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара