У Кобрыні вяскоўца судзяць за чорны транспарант



Суд над вяскоўцам з Кобрыньскага раёна Сцяпанам Дубчуком працягнецца 14-га снежня. Сцяпан заявіў пра неабходнасць выклікаць у суд сведкаў – чыноўнікаў з райвыканкама.

З іх дапамогай ён збіраецца даказаць, што прыйшоў на санкцыянаванае свята з нагоды 100-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі, але быў са сваім плакатам чорнага колеру з надпісам „Зямля – сялянам! Калі?”, кажа Сцяпан Дубчук:

– Суддзя кажа: „Навошта вы чорны лозунг прывезлі?”. Я кажу на колер і смак таварышаў няма. Я сказаў, што аплакваў мары сялянства, якія не збыліся. Жалоба такая – 100 гадоў не даюць зямлю.

Праваабаронца Уладзімір Вялічкін быў здзіўлены, што суддзю хваляваў колер плаката. Уся адміністрацыйная справа вартая смеху, кажа праваабаронца:

– Спадар Сцяпана судзяць за тое, што ён арганізаваў тое, што не арганізоўваў. Суддзя напрыканцы сённяшніх пасяджэнняў запытала: „Чаму вы прыйшлі з чорным плакатам? Чаму не з чырвоным?”. Тут ёсць такое меркаванне, што з-за чорнага колеру яго прынялі за анархіста.

Паводле Сцяпана Дубчука, яго не чапалі да з’яўлення паведамлення ў прэсе пра яго выхад з плакатам на плошчу 7-га лістапада. Як толькі з’явіўся матэр’ял, участковы адразу папрасіў напісаць тлумачальную, пазней быў складзены пратакол і перададзены ў суд.

Беларускае Радыё Рацыя