Кантрабанда
Тое, што нашы ўсходнія суседзі час ад часу знішчаюць прадукты, якія трапілі пад санкцыі, – зусім не навіна. Мы і тут знайшлі плюсы – новы рынак для продажу прадуктаў сваіх.
Яно і насамрэч – не хапае крэветак у РФ – чаму б імі не падзяліцца? Не шкада! Садавіна і гародніна таксама патрэбныя, бо санкцыі санкцыямі, а без вітамінаў доўга (і добра) не пражывеш. На жаль, такая пазіцыя не заўжды знаходзіць разуменне ў кантралюючых органаў…
Магілёўскія мытнікі прадухілілі спробы вывесці “стратэгічны харчовы запас” за межы краіны, піша газета “Звязда”. У прэс-службе мытні паведамілі: пры выездзе з Магілёва быў прыпынены рух аўтамабіля ДАФ, дзе знаходзілася 18 тон польскіх свежых яблыкаў. Кіроўца збіраўся іх везці ў Расію па несапраўдных таварасуправаджальных дакументах. Па законе РБ гэта гучыць як “парушэнне правілаў гандлю і аказання паслуг насельніцтву”.
«Вітаміны» агульным ацэначным коштам 45 тысяч беларускіх рублёў канфіскаваныя (амаль 19 тысяч еўра) па месцы прызначэння не даехалі. Між тым хтосьці чакаў свежых яблычкаў… Не, у нас яны не прападуць таксама!
А хтосьці любіць ікру, якой няма ў Беларусі… І тут здарылася падобная гісторыя. У сталічную міліцыю паступіла аператыўная інфармацыя пра тое, што на тэрыторыі рынку побач з вуліцай Ясеніна, адбываецца незаконная рэалізацыя чырвонай ікры, прывезенай з Расіі. Падчас агляду складскога памяшкання аператыўнікі канфіскавалі больш за дзве тысячы бляшанак ікры на суму звыш 40 тысяч рублёў (каля 17 тысячы еўра). Патрэбных дакументаў і кантрольных знакаў Рэспублікі Беларусь на тавар прадавец не меў.
Камусьці моцна не пашанцавала, а камусьці – зусім наадварот. Усё адносна.