Чаму беларускі экспарт губляе пазіцыі?



Экс-кіраўнік Нацбанка Беларусі Станіслаў Багданкевіч распавёў пра неканкурэнтаздольнасць беларускіх тавараў.

Старшыня Нацбанка Павел Калаўр заявіў, што “нагодамі няўстойлівасці плацёжнага баланса Беларусі і пастаяннага дэфіцыта бягучага рахунка з’яўляецца недастатковая эфектыўнасць выкарыстання інвестыцый і працоўнага рэсурса, а таксама нізкая дыверсіфікацыя і паступовая страта канкрэнтаздольнасць беларускага экспарту”.

Станіслаў Багданкевіч: Беларуская эканоміка і насамрэч знаходзіцца ў дэпрэсіі, і ніякіх радыкальных рэформ мы не бачым. У выніку маем тое, пра што кажа Павел Калаўр. Дэкрэт №7, якія нядаўна быў прыняты, правільны – ён прадугледжвае вызваленне ад дробязнага нагляду за бізнесам. Але ж не вырашае галоўныя пытанні – практычна няма прыватызацыі, пераходу да рынка, не адмаўляюцца ад падтрымкі неэфектыўных стратных прадпрыемстваў. Усё застыла ў тым стане, што было і раней.

РР: Ці выправіць гэты дэкрэт эканамічную сітуацыю?

Станіслаў Багданкевіч: Скажам так, ён неабходны. Я не падзяляю пункт гледжання некаторых маіх калег, якія сцвярджаюць, што дэкрэт нічога не прынясе. Але калі б такі дакумент прынялі 15 гадоў таму, то сёння мы б бачылі зусім іншыя вынікі.

РР: Можа вырашылі паступова пераходзіць на рынкавыя адносіны?

Станіслаў Багданкевіч: Некалькі дзясяткаў гадоў “паступова пераходзім”. Гучаць нейкія дэкларацыі, але рэальных спраў мала. Якія ў нас буйныя стратныя прадпрымствы зачынены? Замест таго, каб яны выпускалі канурэнтную прадукцыю на экспарт, многія самі ледзь дыхаюць і чакаюць падтрымкі з бюджэту.

РР: І банкіры гэтую сітуацыю разумеюць…

Станіслаў Багданкевіч: Банкіры ў Беларусі заўсёды былі на перадавой пазіцыі. Яны выступалі за рынак. Іншая справа, што не ва ўсіх кіраўнікоў Нацбанка была воля да пераўтварэнняў. Часам кажуць, што Павел Калаўр нарэшце стабілізаваў валютную сітуацыю ў краіне. Гэта так, але не зусім так. Бо яго папярэднікі стварылі глебу для такой стабілізацыі. Яны друкавалі “пустыя” грошы па патрабаванні ўладаў, і нарэшце самі ўлады зразумелі, што гэты шлях – у тупік. Таму зараз Нацбанку і далі магчымасць праводзіць цывілізаваную грашова-крэдытную палітыку.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя