Аляксандр Пуціла: Допінгавы скандал урэшце-рэшт павінен быў адбыцца



Міжнародны алімпійскі камітэт з-за шэрагу допінгавых скандалаў пазбавіў Расею права выступіць на зімовых алімпійскіх гульнях у паўднёва-карэйскім Пхёнчхане. Спартовы аглядальнік тэлеканала «Белсат» Аляксандр Пуціла падтрымлівае такое рашэнне МАК:

– Рашэнне, на колькі слушнае, то яно хутчэй справядлівае, таму што іншага і не магло быць. Спартовыя арганізацыі, усе знаныя спартоўцы былі супраць удзелу Расеі ў белай Алімпіядзе 2018 года, таму што нельга абвяргаць тыя доказы, што расейскія спартоўцы прымалі допінг, прычым гэта рабілася гадамі, і яны нічым не апраўдаліся, акрамя таго, што правялі ўнутраныя расследаванні.

На Алімпіядзе ў Пхёнчхане Міжнародны алімпійскі камітэт забараніў выступы расейскіх спартоўцаў пад сцягам Расеі. Тым жа атлетам, якія раней не былі заўважаныя ў допінгавых скандалах, дазволяць выступіць пад алімпійскім сцягам. Яны будуць называцца – “алімпійскі спартовец з Расеі”. Рашэнне наконт удзелу ці няўдзелу расейскіх спартоўцаў у Алімпіядзе, як чакаецца прыме асабіста прэзідэнт Уладзімір Пуцін – кажа аглядальнік:

– Тут ёсць дзве паралельныя лініі – дзяржава абараняе сябе, што не мела ўплыву на гэты допінг, то бок не было дзяржаўнага кіраўніцтва гэтым працэсам. А расейцы кажуць, што ніколі не ўжывалі гэтых забароненых рэчываў, хаця, шчыра кажучы, дзіўна, таму што ўсе аналізы рабіліся не па адным разе, усё гэта спраўджвалася. Цяпер справа за Пуціным, якое ён прыме рашэнне, што ён выкажа. Хаця, з іншага боку, на маю думку ўмешвацца ў жыццё спартоўцаў дзяржава не павінна.

Недапушчэнне Расеі да Алімпіяды можа ўскосна паўплываць і на Беларусь, – лічыць спартовы агладальнік Аляксандр Пуціла. І не толькі таму, што Беларусь будзе пад прэсінгам «старэйшага брата», але і з-за магчымага ўдзелу ў Алімпіядзе беларускай хакейнай зборнай, калі расейскія хакеісты ўсё ж не паедуць выступаць у Паўднёвую Карэю.

У Беларускай федэрацыі хакея ўжо адзначылі, што зборная Беларусі не хацела б мяняць расейскую каманду на Алімпіядзе, але разгледзіць такую магчымасць, калі яна з’явіцца.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя