Першай прэміяй імя Наталлі Арсенневай уганараваны Уладзімір Някляеў
Першым лаўрэатам прэміі імя Наталлі Арсенневай стаў Уладзімір Някляеў — за кнігу «Толькі вершы» Уручэнне адбылося ўвечары 6 снежня ў менскім Прэс-клубе.
Гаворыць лаўрэат:
— Не буду рабіць выгляд, што стаміўся ад прэмій, і што да прэміі за лепшую кнігу я абыякавы. Не. І не ў апошнюю чаргу па той прычыне, што многія кажуць, што Уладзімір Някляеў прысутнічае ў сродках масавай інфармацыі, у свядомасці людзей, як палітык: то ён на плошчы, то ён у судзе, то ён у турме. Спадзяюся, што гэты час скончыцца. І я, як па неабходнасці ўвайшоў у палітыку, гэтак жа па маёй не неабходнасці ў ёй, з яе сыду.
У кароткі спіс прэміі за найлепшую паэтычную кнігу мінулага году ўваходзілі:
Віктар Жыбуль. «Дзяцел і дупло», Ганна Комар «Страх вышыні», Наста Кудасава «Маё невымаўля», Уладзімір Някляеў «Толькі вершы», Сяргей Прылуцкі «Патрыятызм для чайнікаў», Міхась Скобла «Камізэлька для месяца», Андрэй Хадановіч «Цягнік Чыкага-Токіё», Юлія Цімафеева «Цырк»
Найлепшую кнігу паэзіі, выдадзеную ў 2016 годзе, вызначыла журы ў складзе Ірыны Багдановіч, Лявона Баршчэўскага, Уладзімера Глазава, Вальжыны Морт і Ціхана Чарнякевіча.
Сузаснавальнікамі прэміі з’яўляюцца Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі ПЭН-цэнтр і Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына».
Літаратурная прэмія імя Наталлі Арсенневай заснаваная пры спрыянні Фонда культуры і адукацыі Орса-Рамана і Харытатыўнага фонда Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі. Сёлета прэмія ўручалася ўпершыню, але плануецца, што стане штогадовай.
Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:
Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя