ЗША афіцыйна прызналі Ерусалім сталіцай Ізраіля



«Я вызначыў, што прыйшоў час афіцыйна прызнаць Ерусалім сталіцай Ізраіля», — сказаў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у заяве з Белага дома. Паводле амерыканскага прэзідэнта, такое рашэнне «даўно наспела» і будзе ў інтарэсах Злучаных Штатаў.

У сувязі з афіцыйным прызнаннем ЗША Ерусаліма сталіцай Ізраіля Рада бяспекі ААН абмяркуе блізкаўсходняе ўрэгуляванне. З запытам аб правядзенні тэрміновай сустрэчы звярнуліся 8 з 15 краін-чальцоў арганізацыі. Як чакаецца, пасяджэнне можа адбыцца ўжо заўтра. З дакладам выступіць генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш.

Пра тое, што Злучаныя Штаты афіцыйна прызнаюць Ерусалім сталіцай Ізраіля напярэдадні абвясціў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. Заяву амерыканскага лідэра раскрытыкавалі ў многіх дзяржавах, у тым ліку ў Расеі. Кіраўнік Палестыны Махмуд Абас ўспрыняў рашэнне Трампа негатыўна і папярэдзіў пра «сур’ёзныя наступствы». На яго думку, Вашынгтон такім чынам абвясціў пра сваой выхад з перамоваў па блізкаўсходнім урэгуляванні. Абаса падтрымалі і іншыя арабскія дзяржавы, а таксама Турэччына, якая з’яўляецца саюзнікам ЗША па НАТА.