У Беластоку пачаўся Міжнародны кінафестываль ŻUBROFFKA



Некалькі мерапрыемстваў пад шыльдай кінафэстывалю. У Беластоку пачаўся Міжнародны фестываль кароткаметражнага кіно ŻUBROFFKA. У Беластоку ды іншых гарадах, мястэчках, а нават вёсках рэгіёна, праходзяць кінапаказы. Вечарамі клуб Fama прапануе канцэрты сучаснай музыкі, днём праводзяцца дыскусіі, а ранкам кінасняданкі. Аднак, перш за ўсё фестываль гэта конкурс фільмаў. «Сёлета за ўзнагароды  паспаборнічаюць сто дваццаць пяць фільмаў, першыя паказы ўжо прайшлі,» — кажа Томаш Адамскі з фэстывалю ŻUBROFFKA:

— Увесь гэты свет абяцае быць вельмі цікавым. Мы адбіралі гэтыя фільмы, сварыліся, вельмі шмат размаўлялі пра іх. Таму праграма вельмі моцная. Думаю апошні фільм яскрава сведчыць пра гэта. У залі была такая цішыня, канцавыя тытры ішлі вельмі доўга, а публіка як зачараваная не магла варухнуцца. І ўжо пасля тытраў білі брава. Людзі выходзілі з задумай на тварах.

Фільмы будуць ацэньвацца ў васьмі конкурсах у двух блоках. Міжнародны: увесь свет, вокны на Ўсход, відэа-арт і эксперыментальнае кіно, м’юзік відэа, ды нацыянальныя: студэнцкія фільмы, і незалежныя. Таксама конкурсы фільмаў для дзяцей, у якіх гледачы галасуюць за лепшую стужку ды аматарскае кіно, якое выбірае моладзёвае журы. Паралельна з конкурсам, у некалькіх кропках горада і рэгіёна Падляшскага ваяводства, праводзяцца тэматычныя паказы фільмаў. Праграма —  на сайце zubroffka.pl.

Радэк Дамброўскі, Беларускае Радыё Рацыя