Чакаецца рэканструкцыя ў польскім ўрадзе?
Неспакойна на польскай палітычнай сцэне. У Сейме сёння галасавалі па пытанні вотуму недаверу да прэм’ер-міністра Бэаты Шыдла.
Сама прэм’ер падчас выступу спытала “За што вы хочаце мяне адклікаць?”. Яна крытычна паставілася да ідэі свайго адклікання з пасады:
— Вотум падала палітычная група, з якой выводзяцца еўрадэпутаты, што галасуюць у Еўрапарламенце супраць Польшчы. І прынамсі па гэтай прычыне не варта разважаць над ім. Я не ўяўляю: як можна быць прадстаўніком польскай дзяржавы і выступаць супраць сваёй Айчыны.
Аднак вядома, што і сама кіроўная партыя “Права і справядлівасць” можа адклікаць Бэату Шыдла з пасады прэм’ер-міністра. Пра гэта пішуць ужо некалькі дзён вядучыя польскія медыя. Сёння таксама на тэму зменаў ва ўрадзе гаварылася падчас не запланаванай сустрэчы ў прэзідэнта Анджэя Дуды з удзелам як прэм’ера Шыдла, так і лідара кіроўнай партыі Яраслава Качынскага, і маршалка Сейму Марка Кухцінскага. Пасля сустрэчы да журналістаў выйшаў прэс-сакратар прэзідэнта Кшыштаф Лапіньскі:
— Сустрэча адбылася па ініцыятыве спадара прэзідэнта, на ёй абмеркавалі актуальныя палітычныя справы, а канкрэтна, планаваную рэканструкцыю ўраду. Падрабязнасцяў я вам сказаць не магу, бо вы неўзабаве даведаецеся пра іх на падставе рашэнняў. Спадар прэзідэнт выказаў пажаданне, каб тэма рэканструкцыі была закрытая як мага хутчэй, каб спыніць спекуляцыі ў СМІ па гэтым пытанні.
Вядома, што сёння ўвечары мае прайсці пасяджэнне палітычнага камітэту партыі “Права і Справядлівасць”, на якім, як чакаецца, будуць прынятыя рашэнні адносна зменаў ва ўрадзе. Калі такія змены сапраўды адбудуцца.
Паводле неафіцыйнайінфармацыі кандыдатам на новага прэм’ер-мінстра з’яўляецца цяперашні віцэ-прэм’ер і міністр фінансаў і развіцця – Матэуш Маравецкі.
Беларускае Радыё Рацыя