МЗС: У грамадстве няма адназначнай ацэнкі ролі БНР



У беларускім грамадстве няма адназначнай ацэнкі ролі і месца ў гісторыі Беларускай Народнай Рэспублікі, гэтую тэму варта пакінуць гісторыкам, публіцыстам і даследчыкам. Пра гэта заявіў прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык 7 снежня на брыфінгу ў Мінску, адказваючы на пытанне пра зварот старшыні Партыі БНФ і члена аргкамітэта па святкаванні 100-годдзя БНР Рыгора Кастусёва ў знешнепалітычнае ведамства.

Кастусёў заклікаў улады афіцыйна адзначыць 100-годдзе Беларускай Народнай Рэспублікі. Ён накіраваў у МЗС зварот, у якім прапанаваная праграма мерапрыемстваў, якая дазваляе „належным чынам” ушанаваць юбілей беларускай дзяржаўнасці. Палітык паведаміў БелаПАН, што спадзяецца абмеркаваць гэтае пытанне з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем. „Спадзяюся, што сустрэча адбудзецца. Нядаўна звязваўся з яго памочнікам з нагоды жадання правесці сустрэчу. Мне сказалі, што яна можа адбыцца па меры магчымасці”, — сказаў ён.

Як патлумачыў Мірончык, „у адпаведнасці з заканадаўствам, ва ўсіх дзяржорганах Беларусі дзейнічае прынцып аднаго акна”. „Кіраўнікі праводзяць асабістыя прыёмы грамадзян. Такой магчымасцю скарыстаўся і спадар Кастусёў, які быў прыняты адным з намеснікаў міністра, — сказаў прэс-сакратар. — Падчас сустрэчы ён перадаў зварот, у якім падымаюцца пытанні ў дачыненні да аднаго з няпростых этапаў гісторыі. Дарэчы, сам спадар Кастусёў адзначыў, што да сённяшняга дня ні сярод гісторыкаў, ні ў грамадстве няма згоды адносна ацэнак таго, што адбывалася ў 1917—1919 гадах на тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь”.

„Думаю, у такіх умовах мэтазгодна пакінуць тэму даследчыкам і гісторыкам, спецыялістам-міжнароднікам, публіцыстам, дзеячам культуры і мастацтва, каб кожны з іх змог усёабдымна адлюстраваць тыя падзеі, іх месца і значэнне ў гісторыі нашага народа”, — сказаў Мірончык.

Беларуская Народная Рэспубліка была абвешчаная 25 сакавіка 1918 года. З 5 студзеня 1919 года Рада і ўрад БНР знаходзяцца ў выгнанні. У цяперашні час старшынёй Рады БНР з’яўляецца Івонка Сурвіла, якая жыве ў Канадзе.

Традыцыйна 25 сакавіка, у Дзень Волі, дэмакратычная грамадскасць Беларусі праводзіць масавыя акцыі. Сёлета акцыя ў Менску завяршылася беспрэцэдэнтна маштабнымі затрыманнямі. У сталіцы было затрымана каля 700 чалавек. На наступны дзень, 26 сакавіка, у Менску былі затрыманыя яшчэ больш за 20 чалавек, якія выйшлі ў цэнтр горада, каб выказаць салідарнасць з затрыманымі напярэдадні. У той жа дзень 40 чалавек былі затрыманыя ў Бабруйску. Яшчэ некалькі чалавек былі затрыманыя ў іншых гарадах Беларусі, у тым ліку ў Мазыры, Гомелі, Віцебску.