Будзеце скардзіцца, перакрыем вам газ!



 Месяц жыхары аграгарадка Малеч, Бярозаўскага раёна не мелі гарачай вады ў выніку нізкага ціску газу. Тухлі ваданагравальныя калонкі, газавыя катлы і нават пліты. І газавікі гэта ведалі. Жыхарка Наталля Кішкар настойліва запатрабавала ў “Бярозагаза” выправіць сітуацыю. Але замест гэтага атрымала адключэнне газу ў сваёй кватэры: не замяніла спраўную алюміневую гофру на нержавейку і не знайшла на той момант акта праверкі дымахода.

Кажа Наталля Кішкар:

– Прыехалі. Прыборам памерылі. Я разумею, што нешта не так. Майстар паглядзеў і кажа: а вы ведаеце, што ў вас алюмініевая гофра? Я кажу: я ведаю, але ў нас зараз няма сродкаў, каб памяняць, мы збіраліся пасля новага года. У іх зараз ідзе манаполія, што гэтыя гафрыраваныя металічныя, нержавеючыя дымаадводы вырабляе Кобрын, няма збыту. Можа таму, што трэба разгрузіць склады. Паглядзелі, цяга ёсць, але перакрылі.

Для таго, каб перакрыць сям’і Кішкар газ, была выклікана дадатковая машына газавай службы і міліцыя.

А праблема з ціскам газу засталася. Прысутнага падчас канфлікту грамадскага актывіста Анатоля Сахарушу абурылі паводзіны газавіка, які нават не прадставіўся, кажа Сахаруша:

– Мабыць такога хамства да вясковых людзей і ў паліцыяў у час вайны не было. Такія людзі нават слесарамі ў газавай службе не павінны працаваць.

 

Наталля Кішкар напісала скаргу на імя старшыні Бярозаўскага райвыканкама і намерылася сабраць подпісы аднавяскоўцаў. Але  першы раз у раёне для вырашэнні праблемы хапіла тэлефоннага званка ў вобласць. Кіраўніцтва “Бярозагаз” прабачылася за нетактоўнасць свайго супрацоўніка.

Цалкам матэрыял у гукавым фармаце:

Беларускае Радыё Рацыя