Прэміяй імя Францішка Аляхновіча ўганаравалі чатырох былых палівязняў



Лаўрэатамі прэміі 2017 году за турэмную літаратуру сталі Мікола Дзядок, Зміцер Дрозд, Андрэй Саннікаў і Леанід Пятрэнка.

Прэмія імя Францішка Аляхновіча заснаваная Радыё Свабода і Беларускім ПЭН-цэнтрам. Яна прысуджаецца аўтарам, якія былі зняволеныя ці знаходзяцца ў турме.

Вядоўца імпрэзы, паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч скрушна заўважыў, што хацелася б, каб турэмная тэма ў літаратуры страціла актуальнасць. Але гэтага, на жаль, не здарылася.

– Нам вядома, што гэтае імя абсалютна не выпадкова зрабілася патронам прэміі, якая, на жаль, у сённяшняй Беларусі актуальна. Мы кожны год выражаем спадзевы, што гэтая прэмія страціць актуальнасць. І Радыё Свабода, і Беларускі ПЭН-цэнтр перастануць яе ўручаць. Але само жыццё рыхтуе новых і новых літаратурных і далёка не толькі літаратурных герояў гэтай узнагароды. 

Дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук паведаміў, што рэдакцыя атрымала больш за тузін твораў, але не ўсе яны будуць узнагароджаныя і нават згаданыя.

Лаўреатамі прэміі імя Францішка Аляхновіча сталі:

  • Мікола Дзядок за кнігу «Фарбы паралельнага свету»
  • Зміцер Дрозд за кнігу «Бунт батанікаў»
  • Андрэй Саннікаў за кнігу «Мая гісторыя»
  • Леанід Пятрэнка за кнігу паэзіі «Камерныя сны».

Адзін з цяперашніх лаўреатаў Мікалай Дзядок правёў за кратамі амаль 5 гадоў па так званай справе «анархістаў», палову тэрміну — у адзіночках, ШЫЗА. Цяпер ён вучыцца ў Коўне і не змог прыехаць на імпрэзу. Таму бацька Міколы Аляксандр Дзядок прачытаў на імпрэзе эсэ з кнігі «Жыццё цудоўнае».

Зміцер Дрозд, аўтар кнігі «Бунт батанікаў» — архівіст. Ён таксама прачытаў фрагмент са сваёй кнігі і сказаў, што піша асобныя творы пра Пішчалаўскі замак, пра Дуніна-Марцінкевіча.

Цесць Андрэя Саньнікава, кінасцэнарыст Уладзімер Халіп зачытаў кранальны ўрывак пра тое, як Саннікаў пісаў у турме казкі для Даніка, маленькага сына Андрэя і Ірыны. Адна казка была пра маленькае мышанятка, якое ўцякала, — і ліст з ёй затрымалі, бо, як сказаў начальнік турмы, казка была пра ўцёкі…

Адзін з лаўрэатаў прэміі Леанід Пятрэнка сёння за кратамі, ён асуджаны на 10 гадоў. Ягоную кнігу «Камерныя сны» прадставілі сябры, у тым ліку мастак Уладзімір Цэслер — аўтар вокладкі. «Лёня — глыбока прыстойны чалавек, таму не дзіва, што ён сядзіць», — сказаў спадар Цэслер.

На імпрэзе адзначылі яшчэ два выданні, звязаныя з старшынём праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесем Бяляцкім, які ўжо быў лаўреатам прэміі Аляхновіча ў 2014 годзе за кнігу «Іртутнае срэбра жыцця». ​

«Лісты салідарнасці» — зборнік тэкстаў, напісаных Бяляцкім у бабруйскай калоніі, дзе ён сядзеў у 2012–2014 гадах. За два з паловай гады адседкі Бяляцкі атрымаў больш за 20 тысяч лістоў з усяго свету.​

«Альбом салідарнасці» выдадзены праваабарончым цэнтрам «Вясна» разам са швэдзкай Östgruppen. Гэта гісторыя зняволення і вызвалення палітычнага вязня Алеся Бяляцкага працягласцю 1052 дні.

Кнігі прадставілі праваабаронцы «Вясны» Ірына Пракопчык і Сяргей Сыс.

Першым лаўреатам прэміі Аляхновіча ў 2013 годзе стаў тагачасны палітвязень Ігар Аліневіч за кнігу «Еду в Магадан». У 2014 годзе прэмію атрымалі адразу шэсць аўтараў: Алесь Бяляцкі — за «Іртутнае срэбра жыцця», Зміцер Дашкевіч — за кнігу «Чарвяк», Фэлікс Пекер — за «10 лет и 1 день Игоря Савченко», Павал Севярынец — за «Беларускую глыбіню», Аляксандр Фядута — за «Мой маленький Париж», Ірына Халіп — за «Дзённік зэчкі».

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота Максіма Каўняровіча