У „Бярозаўскім” поле зааралі разам з кукурузай



5 гектараў кукурузы з пачаткамі на полі сельгаспрадпрыемства “Бярозаўскае” закультывавана. Такі спосаб уборкі ўраджаю вынайшла кіраўніцтва гаспадаркі ў сувязі з неспрыяльным надвор’ем.

Анатоль Сахаруша – аграном па адукацыі, які ўсё жыццё прапрацаваў у сельскай гаспадарцы, лічыць гэта безгаспадарчасцю:

– Дзесьці да 15-20 верасня яна мусіць быць сабраная на сілас. На насенне – да 15  кастрычніка. Спасылаюцца зараз на тое, што трактары не могуць выйсці на поле. А дзе вы пасадзілі кукурузу? На балоце. Калі кукурузу садзіць на адпаведным полі, сабярэш яе пры любым надвор’і.

Паводле намесніка начальніка аддзела па раслінаводству і кормавытворчасці Берасцейскага аблвыканкама Віталя Рудзя, заворваць у зямлю кукурузу з пачаткамі нельга, але трэба пралічваць усе канкрэтныя абставіны:

– Калі зараз тэхніку рваць, то толькі салярку спаляць і тэхніку сапсуюць. Выйдзе ў дзесяць разоў даражэй.  А яшчэ трэба высушыць кукурузу. Тут трэба падлічыць. Задыскоўваць з пачаткамі нельга.

Па словах Анатоля Сахарушы, гэта не адзінае поле на Бярозаўшчыне і наогул на Берасцейшчыне з несабраным ураджаем.

Хаця Аляксандр Лукашэнка загадаў завяршыць уборку да 7 лістапада. Толькі на кукурузу адвёў крыху большы тэрмін. Але ж на вуліцы ўжо снежань.

Беларускае Радыё Рацыя