Мост пад Жыткавічамі закрылі і для пешаходаў
Мост над Прыпяццю ў Жыткавіцкім раёне, што трэснуў і прасеў, гадзіну таму закрылі і для пешаходаў. Людзей праз раку перапраўляюць тры катары МНС. Аўтамабілістам ж даводзіцца рабіць крук праз Мазыр і Столін альбо карыстацца пераправай у вёсцы Снядзін, што за 35 кіламетраў ад Жыткавічаў. Але ўжо ў панядзелак, абяцаюць мясцовыя ўлады, усё зменіцца — праз Прыпяць збудуюць пантонную пераправу. Пераправу вырашылі зрабіць за сто метраў ад аварыйнага моста ўверх па цячэнні. Дастаўку саміх пантонаў з Пінска і Магілёва забяспечаць МНС і вайскоўцы. На транспарціроўку секцый наплаўнага моста пойдзе субота і нядзеля. У панядзелак пачнецца іх мантаж. Дарэчы, ён, на думку спецыялістаў не зойме шмат часу. Плануецца, што да вечара панядзелка пераправа ў 140 метраў даўжынёй і 6 метраў шырынёй будзе працаваць. Па ёй змогуць перапраўляцца не толькі легкавікі, але і велікагрузы.
Пакуль жа варыянтаў для аўтамабілістаў два – у 35 кіламетрах ад Жыткавіч, недалёка ад вёскі Снядзін, праз Прыпяць ходзіць паром. З учорашняга дня ён працуе кругласутачна. Альбо ж можна зрабіць крук у 270 км па дарозе праз Мазыр або Столін.
«Жыццё на тым баку берага не парушана. Там (у Тураве) ёсць усе неабходныя для жыцця аб’екты – райгаз, міліцыя, аб’екты аховы здароўя, прадуктамі харчавання зарэчная зона забяспечана», — запэўніў старшыня Жыткавіцкага райвыканкама Дзмітрый Гайкевіч.