У Менску ўзнагародзілі лаўрэатаў Нацыянальнай праваабарончай прэміі



Праваабаронцы падвялі вынікі года. Беларускі дом правоў чалавека ўручыў прэміі ў намінацыях «Праваабаронца года», «Журналіст года» і «Ініцыятыва года» тым, хто адзначыўся ў сферы абароны правоў чалавека.

Традыцыя адзначаць у гэткі спосаб людзей, што рупяцца пра дапамогу людзям, якія апынуліся ў цяжкіх жыццёвых абставінах, існуе ўжо амаль дзесяць гадоў, кажа Таццяна Рэвяка прэзідэнт Беларускага дома правоў чалавека:

Прэмія ўручаецца ўжо дзявяты год. Яна ўжо мае даволі сур’ёзную гісторыю. Вылучаецца яна па крытэрах, якія выкладзены ў дакуменце, які быў супольна прыняты аргкамітэтам у 2016 годзе. Гэта «Палажэнне аб вылучэнні на прэмію ад беларускай праваабарончай супольнасці». Там прапісана ўся працэдура, усе этапы вылучэння, галасавання, падвядзення вынікаў галасавання і г.д. Галасаванне ідзе анлайн, і аргкамітэт можа наўпрост адсочваць, як яно ідзе, якія кандыдатуры і арганізацыі вылучаюцца. Таксама ёсць крытэры па кожнай з намінацый: «Праваабаронца года», «Журналіст года» і «Праваабарончая кампанія/ініцыятыва года». Таму мы імкнемся прытрымлівацца тых стандартаў, якія мы самі выпрацавалі. І пакуль, як мне здаецца, у нас усё атрымліваецца.

Тое, што ў галасаванні ўзялі ўдзел 27 арганізацый з 30, якія мы называем праваабарончымі або арганізацыямі з праваабарончым кампанентам, паказвае зацікаўленасць такіх арганізацый у тым, каб адзначыць сваіх калег, пабачыць і назваць іх заслугі ў гэты годзе, паказаць, што мы бачым не толькі сябе, але і тых, хто працуе побач з намі. Таму я лічу, што гэта добрая традыцыя, якую мы працягнем у далейшым.

Раіса Міхайлоўская з Беларускага дакументацыйнага цэнтра:

Я атрымала прэмію ў намінацыі «Праваабаронца года». Гэтая прэмія не выйгрыш у латарэю, які звальваецца нечакана, а да гэтага кожны нармальны чалавек ідзе ў сваёй працы. Калі мяне намінавалі некалькі арганізацый, то для мяне гэта, канешне, стала вялікім гонарам і прафесійнай радасцю, а далей ужо выбірала большасць. І мне вельмі прыемна, што маю працу ацанілі. Цяжка сказаць, чакана гэта было ці не. Думаю, у нейкай ступені чакана.

Галіна Абакунчык з „Радыё Свабода”:

«Журналіст года». Гэта ўзнагарода нечаканая і прыемная, бо праца заўважаная прафесіяналамі, а гэта важна. Гэта, хіба, найбольш моцная твая ацэнка. Калі людзі заўважаюць тваю працу, і менавіта з твайго кола, прафесіяналы, якія аддаюць табе перавагу, то зразумела, што вельмі прыемна. Але трэба разумець, што я не адзіная ў такой асобе. Шмат годных такой прэміі журналістаў. І я ўпэўнена, што яны яе атрымаюць. Дай бог, каб не было такога часу, калі б нам, журналістам, даводзілася змагацца за правы чалавека, каб мы працавалі журналістамі і не баранілі гэтых правоў. Але пакуль сітуацыя іншая… І тое, што сёння мне выпала гэтая ўзнагарода, я шчыра ўдзячная ўсім і буду старацца апраўдаць такую высокую ацэнку.

Юлія Дарашкевіч з кампаніі BY_Help:

Мы сталі лаўрэатамі праваабарончай прэміі ў намінацыі «Праваабарончая кампанія/ініцыятыва года». BY_Help азначае, што мы гатовыя дапамагчы ў экстраннай сітуацыі. Была стыхійная рэакцыя на масавыя арышты, якія пачаліся 15 сакавіка. Пасля – справа патрыётаў, «Белага легіёна».

Не буду хлусіць: мы, канешне, чакалі. Мы ведалі, што намінаваныя. І вельмі радыя з такой нагоды. Яшчэ раз хачу сказаць усім дзякуй, хто ахвяраваў грошы, падтрымаў хвалю салідарнасці, хто дапамагаў, як мог. І я думаю, што гэта надзвычай важна.

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскага створаны для дапамогі беларускім праваабаронцам у вырашэнні праблем са свабодай сходаў і самавыражэння. Дом дае месца для правядзення трэнінгаў, сустрэч, культурніцкіх мерапрыемстваў праваабаронцам, НДА, журналістам, студэнтам, выкладчыкам, міжнародным арганізацыям.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота spring96.org