Албанскія краявіды



У Албаніі ніколі не было маштабнай індустрыялізацыі, там немажліва пабачыць суворых завадскіх раёнаў, як у буйных гарадах Беларусі. Менавіта гэта і ўратавала албанскія краявіды.

Усе дарогі з албанскай сталіцы Тыраны, акрамя ўсходніх, вядуць да мора. Чалавек, які ўпершыню вандруе па тых дарогах, пачувае сябе ніякавата: у яго круціцца галава і баліць шыя. Галава круціцца ад шалёных серпанцінных паваротаў на горнай шашы, а шыя баліць ад шыкоўных краявідаў наўкола. Горы, бясконцыя лясы на схілах, акуратныя сады вакол сціплых дамкоў, далёкі пробліск мора з-за цыклапічных скалаў…

Марскія краявіды цалкам адпавядаюць уяўленню пра Адрыятыку: бірузовае неба, аквамарынавыя хвалі, жоўты пясчанік. Праўда, албанскае неба падаецца крыху чысцейшым, чым чакаеш пабачыць, хвалі – больш празрыстымі, а на скалах практычна не сустрэць надпісаў турыстаў.

Ды і саміх турыстаў у Албаніі куды менш, чым у суседніх  Грэцыі, Чарнагорыі ці Італіі. Нехта баіцца ехаць у гэтую краіну з-за міфічных мусульманскіх экстрэмістаў, якіх у Албаніі проста няма. Нехта асцерагаецца вулічнай злачыннасці, якой тут куды менш, чым у тых жа завадскіх раёнах Беларусі.

Так ці інакш, але суадносная турыстычная малалюднасць – яшчэ адна нагода, каб вандраваць па Албаніі і цешыць вока тамтэйшымі прыгажосцямі.

[Not a valid template]

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя