У Беластоку адкрыўся новы аўтавакзал
Былі прамовы, малітвы святароў і шампанскае. Пасля васьмі месяцаў працы беластоцкі аўтавакзал афіцыйна адкрыты. У новым двухпавярховым будынку размешчаны дзве вялікія залы чакання, касы і крама з прэсай.
Ля вакзала знаходзяцца 8 перонаў для аўтобусаў і 300 месцаў для паркоўкі. Гаворыць маршалак Падляшскага ваяводства Юры Ляшчынскі:
– Вакзал будзе служыць не толькі жыхарам Беластока, але і ўсяго Падляшскага ваяводства, а таксама гасцям горада, у тым ліку і замежным. Мы радыя, што сёння афіцыйна можам адкрыць гэты новы будынак, бо, што казаць, той стары будынак палохаў.
У лютым 2018 года побач з аўтавакзалам у Беластоку адкрыецца таксама гандлёвы цэнтр, дзе размесцяцца рэстараны, фітнэс-зал ды крамы папулярных марак. Інвестыцыя была рэалізаваная з сакавіка і склала 13,5 мільёна злотых.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
Фота аўтара