Сяргей Трафімчык працягвае змаганне за “Спадчыну”
Бярозаўскі грамадскі актывіст працягвае змагацца за рэгістрацыю арганізацыі “Спадчына”. Спроба зарэгістраваць культурна-асветніцкае аб’яднанне “Спадчына” працягнулася ў Гарадзенскім абласным судзе. Актывісты з Ліды і Бярозаўкі, што ўваходзяць у аргкамітэт па стварэнні арганізацыі, амаль тры месяцы таму правялі ў Бярозаўцы ўстаноўчы сход і падалі неабходныя дакументы для рэгістрацыі ва Упраўленне юстыцыі Гарадзенскага аблвыканкама. Упраўленне юстыцыі адказала адмовай у рэгістрацыі, а актывісты спрабавалі праз суд аднавіць свае канстутыцыйныя правы.
Пра судовы адказ Беларускаму Радыё Рацыя распавядае Сяргей Трафімчык:
– Вынік, канешне, прадказальны. Тая пазіцыя, якую заняў суд, таксама прадказальная. Як кажуць: рука руку мые. Яны не могуць адзін аднаго падстаўляць. Калі рашэнне аб нерэгістрацыі было прынята, то ні адзін суд ужо не дазволіць абскардзіць гэтае рашэнне. Мы, канешне, давядзем працэдуру да канца – абскардзім і ў Вярхоўным судзе. Нам важна менавіта фіксаваць гэтыя моманты, калі парушаюцца канстытуцыйныя правы грамадзян, якія гарантуюць права на стварэнне аб’яднанняў.
Гэта была ўжо другая спроба грамадскіх актывістаў зарэгістраваць арганізацыю – мінулы раз яны падавалі на рэгістрацыю ў 2009 годзе на гарадское аб’яднанне, гэтым разам на раённае.
Беларускае Радыё Рацыя