МЗС: Нам трэба працягваць развіваць стасункі з ЕЗ і ЗША



Намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка кажа, што ў Расеі разумеюць неабходнасць больш шчыльных кантактаў Беларусі і Захаду. Пра гэта ён заявіў журналістам у Менску падчас форуму «Еўрапейскі саюз і „Усходняе партнёрства”: падыходы да рэгіянальнай супрацы». Намеснік міністра спаслаўся на кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова.

– Я бы як раз спаслаўся на словы міністра замежных спраў Расеі спадара Лаўрова, якія мы ўсе чулі, у тым, што ён разумее зацікаўленасць Беларусі ва „Усходнім партнёрстве”. Таму, я лічу, нам трэба працягваць развіццё нашых стасункаў з Еўрапейскім звязам, са Злучанымі Штатамі Амерыкі і працягваць гэтак жа адкрыта казаць з нашымі расейскімі партнёрамі аб тым, у чым сутнасць гэтага партнёрства.

У сваім выступе на форуме Алег Краўчанка сказаў, што Беларусь не імкнецца ўступіць у Еўразвяз, але выступае за развіццё „Усходняга партнёрства” ў прагматычным накірунку – без палітызацыі.

Беларускае Радыё Рацыя