Сэрвіс анлайн-браніравання Vetliva стаў праектам года ў беларускім турызме
Беларускі сэрвіс анлайн-браніравання vetliva.by стаў пераможцам у намінацыі „Праект года” нацыянальнага турыстычнага конкурсу „Пазнай Беларусь”, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела аўтаматызаваных тэхналогій турызму РУП „Цэнтркурорт” Вольга Дземяшкевіч.
Сэрвіс анлайн-браніравання Vetliva аб’ядноўвае на сваёй пляцоўцы ўсе віды турыстычных паслуг у Беларусі.
Як расказала Вольга Дземяшкевіч, на платформе Vetliva сабрана мноства разнастайных турыстычных прапаноў – ад экскурсій працягласцю некалькі гадзін да сямідзённых тураў па ўсёй краіне. На vetliva.by прадстаўлены беларускія санаторыі розных медыцынскіх профіляў, гасцініцы, хосталы, аграсядзібы, базы адпачынку і нацыянальныя паркі.
Акрамя таго, для гасцей інтэрнэт-рэсурсу падрыхтаваны своеасаблівы гід па Беларусі – у асобным раздзеле прадстаўлены звесткі аб гісторыі, культуры, прыродзе краіны, спартыўных дасягненнях і вядомых беларускіх брэндах, магчымасцях для шопінгу і адпачынку. Карыснай для турыстаў будзе інфармацыя аб візах, скідках і папулярных прапановах, а таксама каляндар падзей.
Штодзень vetliva.by наведваюць больш за 2 тыс. карыстальнікаў амаль з трох дзясяткаў краін. На сайце працуе кругласутачная служба падтрымкі, што гатова адказаць на ўсе пытанні і даць рэкамендацыі.
Сэрвіс анлайн-браніравання Vetliva даступны на беларускай, рускай і англійскай мовах. „У бліжэйшы час плануем інтэграцыю партала ў сусветныя сістэмы браніравання, пераклад на кітайскую мову, распрацоўку мабільнага дадатку”, – дадала Вольга Дземяшкевіч.