Прад’яўленае абвінавачванне былому фігуранту «справы патрыётаў»
Андрэю Бяляўскаму, супраць якога была ўзбуджаная крымінальная справа за захоўванне патрона, прад’яўленае афіцыйнае абвінавачванне па ч.2 арт. 295 КК РБ (Незаконныя выраб, набыццё, перадача ў валоданне, збыт, захоўванне, перавозка, перасылка або нашэнне агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў і г.д.).
Пра гэта Бяляўскі паведаміў сябрам 12 снежня, пасля чарговага допыту ў Следчым камітэце, піша праваабарончы сайт spring96.org.
Андрэй Бяляўскі. Фота: Радыё Свабода.
Магчымае пакаранне па гэтым артыкуле – папраўчыя работы на тэрмін да двух гадоў, або арышт на тэрмін да трох месяцаў, ці абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўленне волі на тэрмін да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі.
Адзіны патрон, які няведама колькі гадоў пыліўся ў шафе ў якасці сувеніра, можа стаць прычынай доўгатэрміновага зняволення для былога фігуранта справы аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў.
Андрэй Бяляўскі пад час допыту перадаў следчаму, які вядзе справу, хадайніцтва аб спыненні крымінальнага пераследу, з просьбай прызнаць яго ўчынак з захоўваннем патрона не ўяўляючым грамадскай небяспекі і юрыдычна нязначным.
Улічваючы гэтыя юрыдычныя акалічнасці і магчымыя наступствы, праваабаронца Валянцін Стэфановіч, каментуючы ўзбуджэнне крымінальнай справы супраць Андрэя Бяляўскага, заклікаў Следчы камітэт быць паслядоўнымі і праявіць прававую логіку:
“Паколькі Следчы камітэт, які спыніў крымінальны пераслед фігурантаў справы, у ходзе папярэдняга расследавання ўстанавіў, што „аналізуючы ў сукупнасці сабраныя доказы, следства прыйшло да высновы, што дзеянні фігурантаў справы так званага „Белага легіёна” фармальна ўтрымліваюць прыкметы стварэння незаконнага ўзброенага фарміравання, але гэтыя дзеянні абвінавачаных не былі накіраваныя на гвалтоўнае змяненне канстытуцыйнага ладу ці тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржавы, а таксама на здзяйсненне якіх-небудзь іншых супрацьпраўных дзеянняў”, яны не ўяўляюць грамадскай небяспекі, уласцівай злачынству, паколькі не прычынілі істотную шкоду ахоўваемым законам інтарэсам і грамадскім адносінам”, то дзеянні абвінавачаных, з улікам выкладзенага, у адпаведнасці з ч. 4 арт. 11 КК прызнаныя нязначнымі”.
Мастак-дызайнер з Менска Андрэй Бяляўскі быў затрыманы 21 сакавіка і абвінавачаны па частцы 3 артыкула 293 Крымінальнага кодэксу „Навучанне і падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках” і арт. 287 Крымінальнага кодэкса (Стварэнне незаконнага ўзброенага фарміравання). Адпушчаны з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыездзе 2 чэрвеня са спыненнем справы па арт.287 КК.