Берасце атрымае больш за мільён еўра па гранце ЕЗ



Берасце атрымае больш за 1 млн еўра на паляпшэнне транспартнай інфраструктуры па гранце ЕЗ, паведаміў кіраўнік прадстаўніцтва праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва „Польшча-Беларусь-Украіна” 2014-2020 Максім Алданаў.

Сумесны беларуска-польскі праект „Паляпшэнне транспартнай даступнасці ў гарадах Берасце і Бяла-Падляска” быў ухвалены на пасяджэнні сумеснага маніторынгавага камітэта праграмы. Вядучым бенефіцыярам праекта выступае Берасцейскае дарожна-эксплуатацыйнае прадпрыемства, яго партнёрам – гміна г.Бяла-Падляска. Агульны бюджэт ініцыятывы перавышае 2,2 млн еўра, з якіх 1 млн 149 тыс. еўра прыпадаюць на беларускі бок.

На гэтыя сродкі на вуліцах Маскоўская і Варшаўская шаша ў Берасці мяркуецца ўсталяваць „разумную” транспартную сістэму. У прыватнасці, на скрыжаваннях (па чатыры на кожнай вуліцы) будуць выкарыстаныя электронныя праграмуемыя дарожныя знакі, рэверсіўныя палосы руху, вылучаныя палосы для гарадскога транспарту, аўтаматычны кантроль за рухам.

Акрамя таго, будзе прафінансавана стварэнне і экіпіроўка Цэнтра транспартнага менеджменту ў Берасці.

belta.by

Фота virtualbrest.by