Матэвуш Маравецкі прадставіў у Сойме праграму свайго ўраду
Больш за гадзіну доўжылася выступленне новага прэм’ер-міністра Польшчы ў Сойме. Матэвуш Маравецкі прадставіў праграму свайго ўраду.
Ён адзначыў, што прыярытэтам ягонага ўраду будзе эканоміка, а таксама працяг рэалізацыі праграмы кіруючай партыі «Права і справядлівасць», накіраванай на сацыяльна-эканамічнае развіццё Польшчы.
Гаворачы аб бяспецы і замежнай палітыцы Матэвуш Маравецкі адзначыў, што НАТА ёсць і застанецца фундаментам польскай бяспекі, а ЗША асноўным саюзнікам. Урад будзе таксама працягваць палітыку па ўмацаванні дзяржаваў рэгёну, а таксама па паглыбленні адносін з Літвой і Украінай.
– Хацелі б вярнуцца да сапраўднага стратэгічнага партнёрства на Усходзе. Плануем паглыбіць нашыя стасункі з Украінай, Літвой, Грузіяй. І надаць ім новую якасць. Калі казаць пра палітыку паза-еўрапейскую, то хочам дбаць пра нашыя эканамічныя інтарэсы ў Азіі і Паўднёва-Усходняй Азіі.
Цяпер ў Сойме абвешчаны перапынак. Пасля адбудуцца дэпутацкія абмеркаванні і дэбаты адносна прадстаўленай праграмы. Чакаецца, што галасаванне над вотумам даверу ўраду Матэвуша Маравецкага адбудзецца каля апоўначы паводле польскага часу.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота rp.pl