Ці так бяспечная бяспечная Беларусь?



На мінулым тыдні я згадваў, што сілавыя структуры краін СНД заклапочаныя пытаннямі эпідэміялагічнай бяспекі. У краінах Цэнтральнай Азіі і Расеі ўжо фіксаваліся ўспышкі небяспечных захворванняў.

Але тое далёка ад нас. Мы прывыклі лічыць сваю краіну бяспечнай. Але як абстаяць справы насамрэч? Звернемся да афіцыйных дадзеных Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі.

У эксплуатацыі Беларускай чыгункі каля 12 тысяч км чыгуначных шляхоў. Чыгуначным транспартам штомесяц перавозіцца 400-1500 вагонаў і цыстэрнаў з небяспечнымі рэчывамі. Гэта стварае пагрозу хімічнага заражэння практычна на ўсёй тэрыторыі краіны.

На Беларусі больш 540 аб’ектаў, дзе захоўваюцца, вырабляюцца або прымяняюцца атрутныя рэчывы. 19 гарадоў краіны аднесены да хімічна небяспечных. Патэнцыйна ў зонах забруджвання ўсіх такіх аб’ектаў знаходзяцца прыкладна 5 млн чалавек, гэта значыць больш за палову насельніцтва краіны. Найбольш распаўсюджанымі ў нашай краіне атрутнымі хімічнымі рэчывамі з’яўляюцца ртуць, хлор, аміяк, саляная і азотная кіслоты. У адным толькі Менску каля 40 хімічна небяспечных аб’ектаў. У выпадку аварыі можа быць забруджана да 40% тэрыторыі сталіцы.

Акрамя таго, у краіне маецца больш за 1000 радыяцыйнанебяспечных аб’ектаў.

Асобная тэма — біялагічная небяспека. На тэрыторыі Беларусі каля 500 прыродных ачагоў небяспечных захворванняў, уключаючы сібірскую язву, гемарагічную ліхаманку, шаленства і інш.

Усяго ў Беларусі 2100 сярэдніх і буйных прадпрыемстваў, якія маюць звыш 60 тыс. крыніц выкідаў шкодных рэчываў. А калі прыплюсаваць дробныя прадпрыемствы, то колькасць такіх крыніц падвойваецца.

Большасць небяспечных аб’ектаў на тэрыторыі Беларусі было пабудавана ў часы СССР, гэта значыць звыш чвэрці стагоддзя таму. Інфраструктура небяспечных вытворчасцяў, абсталяванне сховішчаў небяспечных рэчываў з часам становяцца ўсё меней надзейнымі. Хоць уладамі і прыкладаюцца значныя намаганні для паляпшэння становішча, аварыйнасць у прамысловасці, у тым ліку на аб’ектах падвышанай небяспекі, у будучыні будзе хутчэй нарастаць.

Акрамя таго, з’яўляюцца новыя аб’екты, эксплуатацыя якіх уяўляе значную небяспеку. Гаворка ідзе ў першую чаргу аб БелАЭС, якая будуецца. Але не толькі: не трэба забывацца і на фармацэўтычныя прадпрыемствы. Тым больш, што гэтая галіна вызначана ў ліку прыярытэтных для развіцця. Так, праект Нацыянальнага навукова-тэхналагічнага парку ў галіне фармацэўтыкі, нана- і біятэхналогій «БелБіяград» плануецца рэалізаваць на тэрыторыі адразу трох абласцей краіны: Менскай, Магілёўскай і Віцебскай.

Як бачым, колькасць крыніц хімічнай, радыяцыйнай і біялагічнай небяспекі ў Беларусі перавышае 120 тысяч! І кожны дзень па краіне перамяшчаеца да паўсотні вагонаў і цыстэрнаў з небяспечнымі рэчывамі. І гэта толькі тое, пра што мы ведаем. Так што, расслабляцца беларусам, мабыць, не варта.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ