36 гадоў таму ў Польшчы ўвялі ваеннае становішча



36 гадоў таму камуністычныя ўлады ўвялі ў Польшчы ваеннае становішча. Уначы з 12 на 13 снежня 1981 года адбыліся масавыя арышты сябраў прафсаюза „Салідарнасць”.

У турмах апынуліся тысячы апазіцыянераў, дзясяткі асобаў было забіта.

Сярод інтэрнаваных тады таксама апынулася будучая дырэктарка тэлеканала „Белсат” Агнешка Рамашэўская-Гузы. Паводле яе слоў, бяспека прыйшла да хаты яе бацькоў яшчэ перад афіцыйным пачаткам ваеннага становішча:

– Ваеннае становішча пачыналася а дванаццацтай гадзіне, а да нас дадому прыйшлі, здаецца, без пятнаццаці дванаццаць. Прыйшлі, запыталі: „Ці ёсць пані Рамашэўска?”. Я сказала: „Так”. Запыталі: „Сафія?”, я сказала: „Не, Агнешка”. Яны сказалі: „Нічога, пройдземце з намі”. Такім чынам, я стала закладніцай за бацькоў.

Агнешка Рамашэўска-Гузы лічыцца наймалодшай інтэрнаванай у час ваеннага становішча, ёй было 19 гадоў. Ваеннае становішча ў Польшчы, доўжалася паўтары гады, было адменена 22 ліпеня 1983 года. За гэты час было арыштавана каля 10 тысяч чалавек.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя