Культурная афіша



Пахмурна і цёмна за вокнамі – тыповае беларускае надвор’е не спрыяе пазітыўнаму настрою, таму і не вельмі папулярны ён у нашых шэрых шыротах. Затое на паліве эканомім і… пераключаемся на культурную афішу! Што маем тут?

У Міністэрстве інфармацыі РБ абнавілі склад каардынацыйнай групы па рэалізацыі аднаго цікавага перакладчыцкага праекта. Прысвечаны ён перастварэнню і публікацыі класічных літаратурных твораў Беларусі і Кітая. Перакладчыцкая група была створана яшчэ вясной 2015 года з мэтай самай высакароднай – знаёміць чытачоў “братэрскіх” краінаў з найлепшымі ўзорамі прыгожага пісьменства абедзвюх – блакітнавокай і паднябеснай. Чаго не хапала раней – грошай ці ўзаемнай зацікаўленасці – не зразумела. Зрабілі абгрэйд.

У Маскве ў Літаратурным інстытуце паабяцалі стварыць беларускую групу перакладчыкаў і ўжо стварылі Дом нацыянальных літаратур. “Дом” быў прэзентаваны ў Менску днямі. Варта згадаць, што на сустрэчы з рускай дэлегацыяй прысутнічала першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах. Спадарыня Алена засяродзіла ўвагу прысутных на “савецкіх традыцыях”… У той час як маскоўскія госці запрасілі да супрацы і літаратараў з незалежнага СП. Вось такі дэмакратызм. Ці хопіць у гэтай перакладчыцкай групы жадання і грошай на супрацу, застаецца пад пытаннем.

Тым часам іншая група перакладчыкаў рашуча і безапеляцыйна запрашае на чарговую прэзентацыю выдання славутага рамана Кена Кізі па-беларуску – “Палёт над гняздом зязюлі”. Грошай не было і іх збіралі талакой, затое авантурызму ды запалу камандзе беларускіх перакладчыкаў хопіць яшчэ не на адзін раман серыі “Амерыканка”. Пра грошы можна будзе падумаць пазней, а пакуль – завітвайце! 16 снежня, субота, 19.00. Прэс-клуб.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ