Пастанова ЦВК павінна выконвацца



Пастанова Цэнтральнай выбарчай камісіі, безумоўна, павінна выконвацца. Такі адказ атрымаў бярозаўскі сябра праваабарончага цэнтра “Вясна” Сяржук Русецкі. Ён назірае за выбарчай кампаніяй у раёне. Адказ з Цэнтральнай выбарчай камісіі падпісаны Лідзіяй Ярмошынай. Скарга праваабаронцы тычылася парушэння выбарчай пастановы Цэнтральнай выбарчай камісіі падчас фармавання Бярозаўскай раённай выбарчай камісіі, калі галасаванне па кандыдатурах не вялося пайменна, а прапанаваным райвыканкамам спісам. Бярозаўскі суд не ўбачыў у гэтым парушэння, кажа Сяржук Русецкі:

– Падчас судовага рашэння юрыст райвыканкама сказаў, што пастанова ЦВК ёсць пад законным актам, таму носіць рэкамендацыйны характар. А ў адказе з Цэнтральнай выбарчай камісіі гаворыцца, што хоць гэтае парушэнне працэдуры не паўплывала на само рашэнне, ЦВК звярнулася ў Берасцейскі аблвыканкам, і падчас правядзення навучання для прадстаўнікоў камісіяў звернута іхняя ўвага на тое, што пастанова ЦВК, безумоўна, павінна выконвацца.

Паводле Сержука Русецкага, Бярозаўскі райвыканкам прапанаваў 13 чалавек з 17-ці заяўленых. Пасля кароткай характарыстыкі кожнага на пасяджэнні райвыканкама і прэзідыума райсавета было прапанавана прагаласаваць агулам за спіс. Галасаванне было без абмеркавання адзінагалосным.

Беларускае Радыё Рацыя, Бяроза