Лукашэнка: „Папракаюць, што ўчыніў мяккую беларусізацыю. Мне што, германізацыю ўчыніць?”



Аляксандар Лукашэнка паскардзіўся на ІІ з’ездзе вучоных Беларусі, што яго ў Расеі папракаюць у „мяккай беларусізацыі”.

„Мяне ў чым папракаюць? Што я ў Беларусі ўчыніў мяккую беларусізацыю. Слухайце, мне што — германізацыю тут учыніць? Гэта чаму адбываецца? Гэта не думка расейскага народа і нават не кіраўніцтва Расеі, гэта асобныя дзеячы і заказуха, як нядаўна мне адкрыта сказаў прэзідэнт Расеі тут, у Менску”, — адзначыў Лукашэнка.

На ягоную думку, міжнародныя падзеі красамоўна сведчаць пра неабходнасць узмацненьня гуманітарнай бяспекі, фармавання своеасаблівага культурнага імунітэта:

„Для нас, як і для любой нацыі, свая гісторыя і добрыя традыцыі павінны служыць аб’яднальнай сілай”, — цытуе Лукашэнку БелаПАН.

Лукашэнка заклікаў даваць адпор „рознага роду дзеячам, якія папракаюць нас”, у тым ліку і ў Расеі:

„Так трэба працаваць у Расеі, так трэба даносіць пры ўсіх складанасьцях тое, што адбываецца ў нас сёння ў Беларусі, каб расейцы ведалі, што адбываецца ў самай блізкай для іх краіне. Калі ім пачынаеш нешта расказваць, сядзяць з расплюшчанымі вачыма… Яны не ведаюць нашай рэчаіснасці”, — заявіў Аляксандар Лукашэнка.