КДБ пачаў справу супраць “апалчэнкі з Барысава”
Камітэт дзяржаўнай бяспекі пачаў справу супраць “апалчэнкі з Барысава”. Пра гэта расказвае сама Наталля Красоўская, новае відэа з ёй з’явілася ў інтэрнэце.
-Размаўляла з байцом з Беларусі. Ён мне расказаў, што на яго завялі крымінальную справу. Пасля мне патэлефанавала мая мама і сказала, што прыходзілі з КДБ, што нашыя нумары на праслушцы. Сказалі, што мне дадуць 10 год за наёмніцтва.
Барысаўчанку, якая знаходзіцца ва Украіне, падазраюць у наёмніцтве, ёй пагражае тэрмін “ад 7 да 10 гадоў”. Аднак магчымыя праблемы на Радзіме Наталлю не вельмі хвалююць. Яна з усмешкай расказвае на камеру, што “забівае ворагаў”. Аднак з крыўдай апісвае сваё стаўленне да словаў Лукашэнкі пра так званых апалчэнцаў. Наталля мяркуе, што кіраўнік Беларусі павінен асабіста з імі паразмаўляць і зразумець, чаго яны хочуць. Некалькі дзён таму з’явіліся паведамленні пра тое, што барысаўчанка Наталля Красоўская трапіла ў палон да ўкраінскіх вайскоўцаў. Аднак пазней гэтая інфармацыя была абвергнутая.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота rutube.ru