Шушкевіч: Гэты з’езд вучоных да навукі не мае ніякага дачынення



У Беларусі праходзіць ІІ З’езд вучоных. У ім прымаюць удзел і чыноўнікі высокага рангу. Экс-старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі, вучоны-фізік Станіслаў Шушкевіч не лічыць дадзеную падзею важнай для айчыннай навукі.

На думку спадара Шушкевіча, усё гэта больш падобна да партыйна-гаспадарчага сходу, якія ладзіліся ў савецкі час.

– Навошта гэта патрэбна?  Я сабе не ўяўляю, каб дзве з паловай тысячы людзей сабраць, і пра што можна гаварыць на такім з’ездзе? Гэта ж не навуковая канферэнцыя. Гэта партыйна-гаспадарчы сход, як было ў савецкі час. Такая прапагандысцкая акцыя, якая, па-мойму, да навукі не мае ніякага дачынення. Там ёсць вельмі прыстойныя людзі, вельмі годныя. А многіх бачыў, якія да навукі малое дачыненне маюць.

Кіраўніцтва дзяржавы ў асобе Аляксандра Лукашэнкі адзначыла, што вучоныя не апраўдваюць тыя грошы, якія дае на навуку дзяржава. Станіслаў Шушкевіч лічыць, што грошай на навуку ў Беларусі вылучаюць яўна недастаткова, і калі б дзяржава сапраўды хацела развіваць навуку, былі б скарочаныя выдаткі на сілавікоў, перадусім на службу аховы прэзідэнта, бюджэт якой складае агромністую суму.

– Калі выдаткоўваецца на ахову кіраўніка дзяржавы 12,5 млн даляраў у год, а на пэўныя навуковыя праекты выдаткоўваюцца  дробязі, то трэба мець інтэлект Лукашэнкі, каб не разумець, што такое навука і якія грошы яна патрабуе. Так што на непатрэбныя рэчы ў нас выдаткоўваецца значна больш грошай. Навука, я не думаю, што фінасуецца так, каб па-людску развівацца.

Станіслаў Шушкевіч адзначыў, што не лічыць праблемай пераезд многіх беларускіх вучоных за мяжу. Пры цяперашніх умовах многія навукоўцы могуць раскрыць свой патэнцыял толькі за мяжой.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле.