Дэпутат Марзалюк: Мову трэба папулярызаваць, але без гвалту і навязвання



У Беларусі неабходна праводзіць масавую і карпатлівую працу па папулярызацыі беларускай мовы, але без гвалту і навязвання. Такое меркаванне на пленарным пасяджэнні II з’езда вучоных 13 снежня ў Менску выказаў старшыня пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу гісторык Ігар Марзалюк.

„Мы павінны памятаць, што ў беларускай мовы няма іншай радзімы, акрамя Беларусі. Акрамя нашай дзяржавы, нашай улады, грамадства, прэзідэнта яе няма каму больш абараніць”, — лічыць ён.

Паводле слоў парламентарыя, Польшча перажыла тры раздзелы, а яўрэі не мелі сваёй дзяржаўнасці дзве тысячы гадоў, аднак усе яны „захавалі нацыянальныя мовы і на працягу вельмі кароткага тэрміну пабудавалі сваю дзяржаўнасць”. У Беларусі, адзначыў ён, усё ідзе трохі больш складана з-за таго, што гэта „невялікая краіна” з адкрытай эканомікай, якая знаходзіцца ў асяроддзі дзяржаў з мовамі „блізкай моўнай групы”. „Усё гэта стварае дадатковыя цяжкасці для паўнавартаснага адраджэння беларускай мовы”, — заявіў Марзалюк.

Дэпутат мяркуе, што краіна павінна паступова „перайсці да вывучэння гуманітарных дысцыплін ва ўсіх школах на роднай беларускай мове, а дакладныя навукі вывучаць на рускай мове”. Акрамя таго, адзначыў ён, варта задумацца над дадатковым навучаннем на глыбокім узроўні „трэцяй еўрапейскай мовы”.

Акрамя гэтага варта „звярнуць самую пільную ўвагу на нацыянальнае літаратуразнаўства, лiнгвiстыку”. „У нашым жыцці літаратура значыць значна больш, чым простае прачытанне тэксту: часам яна замяняе нам філасофію, сацыялогію, гісторыю. <…> Разам з тым яна вельмі цесным чынам звязаная з нацыянальнай мовай”, — сказаў Марзалюк.

belapan.by