Савецкая гармата замест Льва Сапегі
Слонімцы з вялікім здзіўленнем успрынялі інфармацыю пра тое, што ў наступным годзе да 23 лютага ў Слоніме каля будынка ваеннага камісарыята Слонімскага і Зэльвенскага раёнаў будзе пастаўляна савецкая гармата Д-44.
Маўляў, гэта гармата стане сімвалам подзвігу абаронцаў Айчыны, якія выратавалі нашу зямлю ад фашысцкіх захопнікаў.
Дарэчы, у Слоніме ўжо стаіць у старажытным цэнтры горада помнік-танк Т-34. На тэрыторыі Слонімскай 11-й механізаванай брыгады таксама панастаўлена помнікаў ваеннай тэхнікі. У Слоніме яшчэ ўзвышаюцца тры помнікі Леніну. А вось таму, хто сапраўды заслугоўвае помніка – былому слонімскаму старосце Льву Сапегу – гетману Вялікага Княства Літоўскаму, ажно 20 гадоў ніяк помнік не паставяць. За тое савецкая гармата праз пару месяцаў з’явіцца каля ваенкамата ў Слоніме. Тая гармата, якая знішчала ў гады Другой сусветнай вайны маладых юнакоў, якіх з ваенкаматаў праважалі на фронт бацькі, жонкі і каханыя.
Беларускае Радыё Рацыя, Слонім