Урад Малдовы вырашыў лічыць афіцыйнай мовай румынскую



Урад Малдовы ўхваліў законапраект аб змяненні ў Канстытуцыі назвы афіцыйнай мовы з малдаўскай на румынскую.

Згодна з законапраектам, у 13-м артыкуле Канстытуцыі прапануецца замяніць сінтагму „малдаўская мова, якая функцыянуе на аснове лацінскай графікі” на „румынскую мову”.

Ніхто з членаў урада не выказаўся супраць гэтай ініцыятывы.

Канстытуцыйны суд Малдовы 5 снежня 2013 года прыняў рашэнне аб тым, што дзяржаўнай мовай з’яўляецца румынская мова. Падставай для такога рашэння стала выснова КС, што тэкст Дэкларацыі аб незалежнасці Малдаўскай рэспублікі, у якім дзяржаўнай мовай названа румынская, прэвалюе над Канстытуцыяй, дзе ўказана малдаўская. У адпаведнасці з гэтым, група дэпутатаў ініцыявала разгляд законапраекта аб унясенні паправак у Канстытуцыю. Канстытуцыйны суд 31 кастрычніка даў станоўчае заключэнне на гэтую ініцыятыву.

Прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон назваў „недапушчальным” змяненне назвы афіцыйнай мовы з „малдаўскай” на „румынскую”. Паводле яго слоў, пасля змены ўлады „незаконныя рашэнні цяперашняга Канстытуцыйнага суда будуць перагледжаны”. Ён таксама выказаў упэўненасць, што ў парламенце не набярэцца 67 галасоў для прыняцця гэтай папраўкі.

Некаторыя сучасныя лінгвісты лічаць, што „румынская” і „малдаўская” з’яўляюцца рознымі назвамі адной мовы, у той час як іншыя крыніцы лічаць малдаўскую мову адной з ўсходне-раманскіх моў.

Моўныя адрозненні паміж румынскай і малдаўскай мовамі сталі ўзнікаць у XIX стагоддзі. У часы СССР, у першай палове мінулага стагоддзя, гэтыя адрозненні сталі ўзмацняцца. Аднак з 1950-х гадоў адбываўся адваротны працэс збліжэння малдаўскай і румынскай моўных нормаў, якія цяпер практычна неадрозныя.

interfax.by