У Беларусі ратыфікавалі канвенцыю рэгулюючую спагнанне аліментаў



Палата прадстаўнiкоў 14 снежня ратыфікавала Канвенцыю аб міжнародным парадку спагнання аліментаў на дзяцей і іншых формах утрымання сям’і.

Як паведаміў міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі, дагавор быў падпісаны Беларуссю 15 сакавіка гэтага года ў Гаазе. Пры гэтым сам дакумент быў прыняты яшчэ ў 2007 годзе Гаагскай канферэнцыяй па міжнародным прыватным праве.

Мэтай канвенцыі з’яўляецца стварэнне „адзінага спрошчанага і эфектыўнага міжнароднага механізму”, які дазволіць разглядаць справы аб спагнанні аліментаў за мяжой хутчэй і з меншымі выдаткамі.

Канвенцыя таксама пашырае сферу ўзаемадзеяння цэнтральных органаў дзяржаў з мэтай вырашэння пытанняў, якія абцяжарваюць працэдуру спагнання аліментаў. Дакумент, у прыватнасці, рэгулюе пытанні аказання прававой дапамогі, аказання садзеяння ў вышуку даўжнiка, у атрыманні інфармацыі аб фінансавым становішчы даўжнiка або крэдытора.

belapan.com