Што прынясе ІП наступны год?



2017 год у прадпрымальніцкай супольнасці на гарадзенскім рынку „Паўднёвы” без эксцэсаў. З боку ўладаў дэклараваўся мараторый на праверкі, і сваё абяцанне яны выканалі.

Кажа старшыня рады прадпрымальнікаў рынка „Паўднёвы” Андрэй Шасцяракоў:

– Не было такіх рэзанансных праверак, каб гэта ўскалыхнула прадпрымальніцкую супольнасць у нашым асяродку. Не буду падманваць, насамрэч так яно і было. Хачу сказаць, што 2018 год прынясе нам цэлы букет праверак, цэлы букет новаўвядзенняў, якія напрасткі паўплываюць на вядзенне бізнеса нашымі прадпрымальнікамі.

На ўзроўні мясцовых уладаў індывідуальныя прадпрымальнікі бачаць разуменне. Але рашэнні па прадпрымальнікам прымаюцца менавіта на ўзроўні міністэрстваў, а не мясцовых уладаў. Замест спрашчэння ідзе ўскладненне працы, і ўсе новаўвядзенні робяцца за кошт дробных гандляроў, а не бюджэту краіны:

– Яны становяцца ўсё больш складанымі, і ў гэтым сэнсе сітуацыя прадпрымальнікаў пагаршаецца. Многія не могуць вытрымаць гэтай нагрузкі і проста кідаюць бізнес, яны сыходзяць. Пацверджаннем гэтаму з’яўляюцца статыстычныя дадзеныя за 2017 год – больш 8 тысяч прадпрымальнікаў спынілі сваю дзейнасць. Уносяцца змены па ўскладненні ў частцы дакументазвароту і вядзення бізнеса – гэта большая справаздачнасць у электронным выглядзе, акрамя таго, што ў кожнага прадпрымальніка ёсць і папяровая справаздачнасць. Гэта вялізныя фінансавыя нагрузкі на прадпрымальніка і выдаткі.

Цяпер індывідуальныя прадпрымальнікі з вялікай трывогай чакаюць наступнага года. Асабліва гэта датычыць „уводзінаў і дапаўненняў у пастанову Рады Міністраў і Нацыянальнага Банка №924/16”, у частцы ўскладнення дакументазвароту і вядзення бізнеса. Таксама дадасца і сістэма вялікіх пакаранняў за парушэнне вядзення справаздачнасці.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня